Групу беларускіх турыстаў пасадзілі ў польскі ізалятар за пратэрмінаваную на дзень візу. Пазьней выпусьцілі, але з забаронай прыезду

Ілюстрацыйнае фота

Пры гэтым падарожнікі вінавацяць сваю фірму ў тым, што тур скончыўся пазьней за заплянаваны час.

Абнаўленьне. Празь некалькі гадзін стала вядома, што групу турыстаў выпусьцілі з ізалятару і адправілі на аўтобусе ў Менск. У пашпарты паставілі пячатку аб забароне наведваць шэнгенскую зону цягам паўгода.

Пра становішча, у якое трапілі беларускія турысты па вяртаньні з Грэцыі ў Беларусь праз Польшчу, расказала выданьню Onliner чытачка Аліна. Турысты вярталіся з поўдня Эўропы ў ноч на 5 кастрычніка і былі затрыманыя польскімі памежнікамі.

«Мы набылі тур зь Менску ў Грэцыю з 22 верасьня па 3 кастрычніка ў кампаніі „Белтурызм Эўропа“. З-за закрыцьця польскай мяжы былі вымушаныя ехаць праз латыскую, на якой мы прастаялі каля 40 гадзін. Праз гэта ў нас скараціўся час знаходжаньня на моры. Аднак наш суправаджальнік прапанаваў падоўжыць яго на адзін дзень, хаця быў дасьведчаны: у трох чалавек віза была адкрытая роўна пад даты туру».

Далей спадарыня паведаміла, што сам суправаджальнік і прадстаўнікі турфірмы пераканалі людзей у тым, што максымальнае пакараньне за пратэрміноўку візы на дзень — штраф без паметы ў пашпарце аб парушэньні візавага рэжыму. Аднак на мяжы высьветлілася, што праблема нашмат большая. Частку групы затрымалі, памежнікі давялі гэта да ведама суправаджальніка, але той, не пагаварыўшы з затрыманымі, паехаў з рэшткамі групы ў Беларусь.

Людзі наракаюць, што фірма не дала падвозу ад мяжы да месца прыбыцьця і кінула частку турыстаў. Прадстаўнікі турфірмы не выходзяць на сувязь.

«У нас узялі адбіткі пальцаў, прыгразілі забаронай на ўезд у шэнгенскую зону на паўгода. Больш дакладных прагнозаў пакуль ніякіх. Верагодна, польскі бок рыхтуе дакумэнты на дэпартацыю», — заявіла чытачка.

У кампаніі «Белтурызм Эўропа» на тэлефанаваньні журналістаў пакуль не адказваюць. Імаверна, у фірме выходны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы працягваюць браніроўкі тураў у Эўропу на Каляды і Новы год. У турфірмах кажуць: панікі няма