Паводле прадстаўніка цэнтру Дарыюса Буты, якога цытуе агенцтва BNS, паветраныя шары прыбылі зь Беларусі, у Вільні і Віленскім павеце было заўважана 13-14 шароў, два зь іх знаходзіліся над Віленскім аэрапортам.
Супрацоўнік Дзяржаўнай памежнай службы (VSAT) Гедрус Мішуціс паведаміў BNS, што ноччу памежнікі выявілі сем мэтэаралягічных шароў — у Салечніцкім, Аранскім, Друскеніцкім, Віленскім і Лаздыйскім раёнах.
Паводле яго слоў, гэтыя паветраныя шары пераносілі 12 000 пачкаў цыгарэт.
Кіраўнік NKVC Вільмантас Віткаўскас заявіў радыёстанцыі LRT, што сёньня ўвечары дзьмуў паўднёвы вецер, што спрыяе запуску такіх паветраных шароў. Паводле яго слоў, паліцыя зараз праводзіць інтэнсіўныя пошукі.
«Вельмі важна іх выявіць і вызначыць, хто плянуе іх забраць», — сказаў Віткаўскас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году літоўскія памежнікі перахапілі 122 зонды зь беларускімі цыгарэтаміУ Віленскім павятовым камісарыяце паліцыі пацьвердзілі, што супрацоўнікі паліцыі правяраюць месцы, куды маглі ўпасьці паветраныя шары.
«Інфармацыя пра паветраныя шары і іх каардынаты атрыманая, супрацоўнікі правяраюць гэтыя месцы, і пасьля іх выяўленьня выконваюць першапачатковыя працэсуальныя дзеяньні і перадаюць інфармацыю ў Службу дзяржаўнай бясьпекі, якая праводзіць расьсьледаваньне», — заявілі прадстаўнікі камісарыяту.
Паводле слоў Віткаўскаса, падобная колькасьць кантрабандных шароў была зафіксавана ў жніўні. Тады было 26 шароў.
Паветраная прастора Віленскага аэрапорту была зачыненая ў суботу, а 22:16 пасьля таго, як паблізу лётнішча заўважылі магчымыя паветраныя шары. Паветраны рух аднавіўся, а 4:50 раніцы. Абмежаваньні закранулі агулам каля 30 рэйсаў і 6000 пасажыраў.
Паводле слоў Мішуціса, паветраныя шары змаглі заляцець так далёка ўглыб тэрыторыі Літвы таму, што кантрабандысты пачалі запускаць іх не зь мяжы, а крыху глыбей на тэрыторыі Беларусі.
«За некалькі кілямэтраў, дзе месца ўзьлёту практычна не відаць зь літоўскага боку. Тыя паветраныя шары падымаюцца вэртыкальна і перасякаюць мяжу на вялікай вышыні, але прызначаныя для пасадкі далей ад памежнага ўчастку. Таму яны і даляцелі да Вільні», — сказаў Мішуціс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аэрапорт Мюнхэну двойчы прыпыняў палёты з прычыны дронаў