«Працуйце з дэмакратычнай Беларусьсю, а не з узурпатарам». Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Сэрбіі Вучычам

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам

Падзяку за «канструктыўны дыялёг і супрацу» выказала лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская па выніках сустрэчы з прэзыдэнтам Сэрбіі Аляксандрам Вучычам на палях саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (ЭПС) у Капэнгагене (Данія).

«Мы абмеркавалі праграмы рэабілітацыі для беларусаў у Сэрбіі і шляхі далейшай дапамогі тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну», —напісала палітык 4 кастрычніка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

У лістападзе 2024 года Ціханоўская адрасавала відэазварот да ўдзельнікаў Бялградскай канфэрэнцыі па бясьпецы, у якім сярод іншага заявіла пра недапушчальнасьць «выкарыстаньня дыктатарамі міжнародных арганізацый у сваіх карысьлівых мэтах». Асобна яна згадала пра рэжысэра Андрэя Гнёта, выдачы якога для крымінальнага перасьледу дамагаліся беларускія ўлады.

Паводле слоў Ціханоўскай, Гнёт «правёў год пад арыштам тут, у Бялградзе, бо [Аляксандр] Лукашэнка выкарыстаў супраць яго Інтэрпол». «І я дзякую сэрбскаму кіраўніцтву за тое, што яно вырашыла не выдаваць яго. Дзякуй дыпляматам і грамадзянскай супольнасьці за кампанію па яго вызваленьні», — адзначыла палітык.

Ціханоўская заклікала ўлады Сэрбіі ўсталяваць стасункі і афіцыйна супрацоўнічаць з беларускімі дэмсіламі. «Працуйце з дэмакратычнай Беларусьсю, а не з узурпатарам, які захапіў уладу. У барацьбе з тыраніяй нам патрэбныя саюзьнікі», — падкрэсьліла яна.

Сэрбія з’яўляецца кандыдатам на ўступленьне ў Эўразьвяз. У 2021 годзе Бялград далучыўся да санкцый ЭЗ супраць Менска, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну падтрымаў наступныя пакеты абмежаваньняў. Напрыканцы студзеня 2022 года беларускі ўрад распаўсюдзіў на Сэрбію прадуктовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі. Пры гэтым Сэрбія 25 кастрычніка 2019 года падпісала пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю з Эўразійскім эканамічным саюзам, у які ўваходзіць Беларусь. Дакумэнт набыў моц 10 ліпеня 2021 года.

Апошнім часам Менск і Бялград дэманструюць узаемнае жаданьне наладзіць стасункі.

Вучыч быў першым сярод кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаў, якія павіншавалі Лукашэнку з «перамогай на выбарах» 26 студзеня 2025 года. Ён зрабіў гэта двума днямі пазьней.

20 сакавіка ў сталіцы Сэрбіі адбыўся чарговы раунд кансультацый зьнешнепалітычных ведамстваў дзьвюх краін, падчас якога абмяркоўвалася «разьвіцьцё палітычнага дыялёгу і гандлёва-эканамічнай супрацы, пашырэньне дагаворна-прававой базы, узаемадзеяньне Менска і Бялграда на міжнародных пляцоўках, а таксама ў гуманітарнай сфэры».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка запрасіў прэзыдэнта Сэрбіі ў Беларусь