Спэцназ выкарыстаў пярцовы спрэй, сьлёзацечны газ і вадамёт для абароны палаца.
Паліцыянты аказаліся не гатовыя да першай спробы штурму будынка, але выклікалі падмацаваньне.
У Грузіі чацьвёртага кастрычніка праходзяць выбары ў органы мясцовага самакіраваньня; іх байкатуе шэраг буйных апазыцыйных сіл, у тым ліку партыя былога прэзыдэнта Мікаэла Саакашвілі. Апазыцыя анансавала сход у цэнтры Тбілісі з мэтай «мірнага зьвяржэньня ўлады».
Арганізатар акцыі, опэрны сьпявак Паата Бурчуладзэ на плошчы Свабоды ў цэнтры Тбілісі заявіў аб нелегітымнасьці ўлады і аб’явіў аб пераходзе яе «у рукі народа», анансаваўшы вызваленьне дэмакратычных інстытутаў і аднаўленьне дыялёгу аб уступленьні ў Эўразьвяз.
Былая прэзыдэнтка Грузіі Саламе Зурабішвілі, якая знаходзіцца ў апазыцыі да ўлады, назвала дзеяньні пратэстоўцаў правакацыяй. На акцыі пратэсту ў Тбілісі яна заявіла: «Ніхто з тых, хто стаіць тут, не верыць у правакацыі, а тое, што там зараз адбываецца — гэта чыстая правакацыя... гэта спроба або разагнаць, або адвярнуцца ад таго, што сёньня супрацьстаіць рэжыму, гэта значыць ад мірнага пратэсту».
У сацыяльнай сетцы X яна назвала тое, што адбываецца, «пародыяй на захоп прэзыдэнцкага палаца».
Згодна з экзітполам праўрадавага тэлеканала «Імеды», Каха Каладзэ набірае на выбарах мэра Тбілісі 77,4 працэнта галасоў, а «Грузінская мара» ў сталіцы — больш за 76 працэнтаў. Прэм’ер Іраклій Кабахідзэ яшчэ да заканчэньня галасаваньня заявіў, што ва ўсіх муніцыпалітэтах і гарадах кіруючая партыя перамагае, набіраючы больш за 70 працэнтаў галасоў.
100 дзён пратэстаў у Грузіі. ФОТА