Аэрапорт Мюнхэну двойчы прыпыняў палёты з прычыны дронаў

Інфармацыйнае табло ў аэрапорце Мюнхэну, 3 кастрычніка 2025 году

Аэрапорт Мюнхэну двойчы за содні прыпыняў палёты з прычыны выяўленьня бесьпілётнікаў. Раніцай у суботу аэрапорт пачаў паступова аднаўляць працу, аднак цягам дня чакаюцца затрымкі рэйсаў, піша агенцтва Reuters.

Праца аэрапорту была прыпыненая ўвечары ў пятніцу. Паведамляюць, што 23 рэйсы перанакіравалі, 12 рэйсаў у Мюнхэн і 48 вылетаў з гораду скасавалі ці адклалі.

Увечары ў чацьвер, калі аэрапорт прыпыняў працу першы раз, капітан самалёта, які накіроўваўся зь Мюнхэну ў Лёндан, паведаміў пасажырам, што ўзьлётна-пасадачныя палосы закрытыя «з прычыны выяўленьня дронаў» і што ў паветры знаходзяцца паліцэйскія верталёты.

Крыніцы бэльгійскага VRT таксама паведамілі, што ў ноч на 3 кастрычніка неапазнаныя дроны былі заўважаныя над вайсковай базай Эльзэнборн у Бэльгіі. Сьцьвярджаюць, што пасьля каля 15 дронаў уварваліся ў паветраную прастору Нямеччыны, што заўважыла паліцыя нямецкага гораду Дзюрэн. Адкуль узяліся бесьпілётнікі, хто імі кіраваў і куды яны зьніклі пасьля, пакуль незразумела.

Міністар унутраных справаў Нямеччыны Аляксандар Добрынт паабяцаў распрацаваць заканадаўства, каб спрасьціць паліцыі запыты вайскоўцам на зьнішчэньне бесьпілётнікаў.

  • Апошнімі тыднямі часта паведамляюць аб невядомых дронах, заўважаных над ключавымі аб’ектамі інфраструктуры і вайсковымі базамі ў такіх краінах, як Данія, Швэцыя, а таксама на поўначы Германіі. Першым падобным інцыдэнтам стала зьяўленьне дронаў над аэрапортам Капэнгагену ўвечары 24 верасьня. Пакуль не было афіцыйных вэрсіяў таго, хто стаіць за гэтым і ці зьвязаны гэтыя выпадкі паміж сабой. Дачыненьня Расеі ўлады не выключаюць.