«Жорсткі ўдар расейскага бесьпілётніка па чыгуначнай станцыі ў Шостцы Сумскай вобласьці. Усе неабходныя службы ўжо знаходзяцца на месцы і пачалі аказваць дапамогу людзям. Уся інфармацыя пра пацярпелых удакладняецца. На дадзены момант ужо вядома пра дзясяткі параненых», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Зяленскі падкрэсьліў, што расейскія вайскоўцы «не маглі ня ведаць, што яны б’юць па мірных жыхарах».
«І гэта тэрор, які сьвет ня мае права ігнараваць. Кожны дзень Расея забірае жыцьці людзей. І толькі сіла можа прымусіць іх спыніць гэта. Мы чулі рэзкія заявы з Эўропы і Амэрыкі, і самы час зрабіць іх усе рэальнасьцю. Разам, разам з усімі, хто ня верыць, што забойствы і тэрор — гэта нармальна. Зараз перамоваў недастаткова. Патрэбныя рэзкія дзеяньні», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Расея сыстэматычна атакуе чыгуначную інфраструктуру Ўкраіны, спрабуючы паралізаваць лягістыку, у тым ліку перавозку ваенных грузаў.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія рэгіёны з выкарыстаньнем розных відаў зброі — ударных бесьпілётнікаў, ракет, ракетных комплексаў КАБ, РСЗА.
Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія падчас паўнамаштабнай вайны зьдзяйсьняе мэтанакіраваныя напады на грамадзянскую інфраструктуру ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя садкі, абʼекты энэрга- і водазабесьпячэньня.
Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя напады як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.