Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у «ПіКу Свабоды» адказаў на пытаньне, ці можна разьлічваць, што праблемы беларусаў у дыяспары, падобныя да праблемы сям’і Ваданосавых, будуць вырашаныя ўнівэрсальным спосабам, зьменай эўрапейскага заканадаўства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці Кацярыны Ваданосавай застаецца ў Польшчы. Суд вынес прамежкавае рашэньнеПрызначаная на панядзелак 6 кастрычніка дэпартацыя Нэлі Ваданосавай з Польшчы ў Літву не адбудзецца. Маці музыкі і вядоўцы Кацярыны Ваданосавай хацелі адправіць у Літву праз тое, што яна ўехала ў Эўразьвяз па літоўскай візе, а падалася на міжнародную ахову ў Польшчы.
Арцём Шрайбман
— Не даводзіцца чакаць, што Дублінскае пагадненьне будуць перапісваць пад беларускі выпадак, нават нягледзячы на тое, што можна казаць пра сотні пацярпелых ад бюракратычных прабелаў, якія не ўлічваюць асаблівасьці беларускай сытуацыі. Сотні выпадкаў, нават, напэўна, тысячы выпадкаў будзе недастаткова для таго, каб паставіць на аагульнаэўрапейскім узроўні пытаньне аб карэкцыі Дублінскай дамовы.
Так ужо было з беларускай праблемай з пашпартамі, калі Лукашэнка забараніў выдаваць новыя пашпарты ў амбасадах. Адным з рашэньняў магло быць прызнаньне «пашпарта новай Беларусі» або нейкага аналяга «нансэнаўскіх» пашпартоў, якія выдавалі ўцекачам з Расейскай імпэрыі пасьля 1917 года. Але нічога гэтага не здарылася. Аднак знайшліся нацыянальныя мэханізмы вырашэньня гэтай праблемы. І, дарэчы, Польшча паказала, што яны існуюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Навошта ЗША вызваленыя палітвязьні? — вынікі тыдня з палітычным аналітыкам Арцёмам ШрайбманамА калі заходзіць гаворка пра такія індывідуальныя выпадкі, як справа Ваданосавых, то, па-першае, ёсьць суд, які часта можа прыняць спрыяльнае рашэньне. Гэта дарэчы, агульнаэўрапейскае правіла, што суды могуць прымаць рашэньні зыходзячы з індывідуальных абставін, а ня толькі кіруючыся сухой літарай закону. Нашая постсавецкая юрыдычная традыцыя выхоўвала юрыстаў, судзьдзяў, пракурораў і адвакатаў у такім духу, што ніякіх індывідуальных абставінаў быць не павінна. Хаця нават у нашым беларускім заканадаўстве прапісана, што суд прымае рашэньне з улікам абставінаў справы. У Польшчы суды часта карыстаюцца гэтым прынцыпам.
Па-другое, Дублінская дамова прадугледжвае выключэньні, у прыватнасьці, магчымасьць атрымліваць прытулак не ў краіне, якая выдала вам візу, а ў іншай, дзе ў вас ёсьць блізкія сваякі. Калі нейкі бюракрат гэтага не заўважыў, то можна абскардзіць ягонае рашэньне і часта гэта працуе.
Ну і нарэшце, па-трэцяе, ёсьць беларускія дэмакратычныя сілы і іх лабісцкі рэсурс. Мы ўсё ж такі знаходзімся ў краінах, дзе ў Паўла Латушкі і ў Сьвятланы Ціханоўскай ёсьць сурʼёзны ўзровень палітычных кантактаў, які дазваляе прабіваць падобныя рашэньні.
Напрыклад, вывезьлі 51 вызваленага палітвязьня ў Літву. Некалькіх з іх, аказалася, можна перавесьці ў Польшчу, нягледзячы на патрабаваньне Дублінскага пагадненьня, хаця Літва ім дала першасныя візы. Нядаўна дэмсілы з гонарам заявілі, што змаглі дамагчыся, каб 13 чалавек з гэтых былых палітвязьняў змаглі пераехаць жыць у Польшчу. Мэханізмы ёсьць, проста трэба не маўчаць, узьнімаць шум у добрым сэнсе, як гэта зрабіла сямʼя Ваданосавых, і дамагацца абароны сваіх правоў і інтарэсаў. І бюракратыя гэты шум чуе і на яго рэагуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рашэньне Наўроцкага накласьці вэта на дапамогу ўкраінскім уцекачам выклікала палітычную буру ў ПольшчыАле ў цэлым у Польшчы зараз адбываецца ўскладненьне працэдур легалізацыі для беларусаў. У краіне жорсткая палітычная барацьба і ідзе канкурэнцыя за тое, хто большы патрыёт, абаронца інтарэсаў Польшчы. Ну і праблема імігрантаў, як пагрозы гэтым інтарэсам, традыцыйна была вострай. Па меры таго, як 2020 год усё далей адыходзіць у мінулае, і сантымэнт у адносінах да беларусаў слабее, становіцца менш жаданьня вывесьці іх з-пад жорнаў бюракратычнай машыны барацьбы з нелегальнай міграцыяй. Беларусы часта трапляюць пад гарачую руку польскай палітычнай барацьбы.
Польскі высокі начальнік хоча паказаць, што ён, у адрозьненьне ад папярэдніка-палітычнага апанэнта, па-сапраўднаму абараняе бясьпеку Польшчы ад усіх нелегальных мігрантаў. І ён спускае ўніз указаньні і інструкцыі ўзмацніць жорсткасьць правілаў. А ўнізе іх проста выконваюць.
І гэты імпульс можа быць увогуле ніяк не зьвязаны з беларусамі, са стаўленьнем да іх. Гэта можа быць выклікана, напрыклад, стаўленьнем да ўкраінцаў. А беларусы проста трапляюць пад раздачу. Яшчэ пару гадоў таму такіх праблем ці не было ўвогуле ці іх было значна менш.