ААТ «Гомсельмаш» — гэта дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, якое зьяўляецца кіруючай кампаніяй холдынгу «Гомсельмаш».
Паводле мінюста Ўкраіны, даччыныя кампаніі холдынгу «Гомсельмаш» займаюцца вытворчасьцю кампанэнтаў для боепрыпасаў і бесьпілётнікаў-камікадзэ пад назвай «Геран-2» тыпу «Шахед», якія Беларусь вырабляе на заказ у прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Расейскай Фэдэрацыі.
Міністэрства юстыцыі Ўкраіны заявіла аб канфіскацыі наступных актываў:
- карпаратыўныя правы ў ТАА «Гандлёвы дом «Гомсельмаш-Украіна», ТАА «Гандлёвы дом МТЗ-Беларусь-Украіна», ТАА «ПРАМІНЬ-ЮГ»;
- маёмасныя правы на таварныя знакі.
Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BelPol праводзіла расьсьледаваньне, у якім назвала 287 дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць зброю для Расеі. Па зьвестках BelPol, фактычна ўсе прадпрыемствы Міністэрства прамысловасьці Беларусі і Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту бяруць удзел у выкананьні абароннай замовы, пастаўках і абыходзе санкцыяў. Яшчэ каля 200 камэрцыйных прадпрыемстваў Беларусі бяруць удзел у гэтым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускую вайсковую прамысловасьць рыхтуюць да новай вайны ў 2029 годзе». Тлумачыць прадстаўнік BelPol