«Сталічнае тэлебачаньне» заплаціла кампаніі нявесткі Лукашэнкі мільён эўра за караоке-шоў

Ганна Лукашэка, архіўнае фота

«Сталічнае тэлебачаньне» больш як за мільён эўра купіла права на трансьляцыю новага караоке-шоў у «Музычнай мэдыякампаніі», зьвязанай зь нявесткай Лукашэнкі, піша «Бюро».

34 выпускі караоке-шоў «Шум Пятніцы» каштавалі 3,7 мільёна беларускіх рублёў, вынікае з апублікаванага тэндэру.

Спаборнічаць у караоке будуць работнікі беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, пераможцам абяцаюць грашовы прыз.

Весьці перадачу запрасілі сына расейскага сьпевака Алега Газманава — 44-гадовага шоўмэна і дэпутата Радзівона.

Прэм’ера — 10 кастрычніка на «РТР-Беларусь».

«Музычная мэдыякампанія» належыць Палацу Рэспублікі (30%) і прыватнай «АНСЛ прадакшн» (70%). Апошняя запісаная на чалавека з асяродзьдзя Дзьмітрыя Лукашэнкі, чыя жонка — Ганна Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўзнагародзіў сваю нявестку мэдалём Францішка Скарыны

Ганна Лукашэнка — жонка сярэдняга сына Лукашэнкі Дзьмітрыя. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2025 году яна арганізавала кампанію агітацыі за Лукашэнку пад маркай «Маратону адзінства».

Таксама Ганна Лукашэнка зьяўляецца генэральным прадусарам «Музычнай мэдыякампаніі», зарэгістраваная ў ліпені 2022 году ў Цэнтральным раёне Менску. Адрас супадае з адрасам Палаца Рэспублікі. Гэтая кампанія ўваходзіць у рэестар Мінкульту, што дазваляе ёй арганізоўваць масавыя мерапрыемствы.

Пад творчым псэўданімам Ганна Сялук напісала такія кампазыцыі як «Ах, Аляксандар», «Бульба-дэнс», гімн Генпракуратуры «Захавальнікі права» і песьню да Дня народнага адзінства.

Ганна Лукашэнка двойчы перамагала на конкурсе «Песьня году Беларусі» як найлепшы аўтар словаў — у 2023 і 2024 гадах. Таксама атрымала дыплём расейскай прэміі «Шансон году — 2024».

19 сьнежня 2023 году яна атрымала спэцыяльную прэмію Лукашэнкі «за вялікі ўнёсак у разьвіцьцё сучаснага музычнага мастацтва» і «рэалізацыю сацыяльна значных культурніцкіх ініцыятыў».

17 красавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў яе мэдалём Францішка Скарыны як генэральную прадусарку «Музычнай мэдыякампаніі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нявестка Лукашэнкі трэці раз атрымала ўзнагароду фэсту «Песьня году Беларусі»