Міністар культуры Літвы ня зь першага разу адказаў на пытаньне «чый Крым?» і сышоў у адстаўку

Ігнотас Адамавічус (Ignotas Adomavičius)

Ігнотас Адамавічус займаў пасаду міністра культуры Літвы крыху больш за тыдзень.

Ягонае прызначэньне ад пачатку выклікала незадаволенасьць культурнай грамадзкасьці Літвы, але апошняй кропляй стаў ягоны адказ на пытаньне «чый Крым?» у інтэрвію парталу Lrytas 3 кастрычніка.

Міністар назваў пытаньне «правакацыйным» і прапанаваў не закранаць яго, бо гаворка не пра ягонае ведамства.

Прэмʼер-міністарка Літвы Інга Ругінене пазьней заявіла, што гэтае выказваньне непрымальнае, і паведаміла, што ён павінен прыняць рашэньне сысьці ў адстаўку. Неўзабаве так і сталася.

Раней Ігнотас Адамавічус быў камэрцыйным дырэктарам сямейнай кампаніі, якая вырабляе макароны, піша LRT.

25 верасьня ў Вільні сотні людзей выйшлі на пратэст супраць ягонага прызначэньня. А на 5 кастрычніка работнікі культуры аб’явілі папераджальную забастоўку. І ад гэтай ідэі не адмовіліся нават пасьля навіны пра адстаўку міністра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве прызначылі новы ўрад. Экспэрт спрагназаваў, як ён будзе ставіцца да Беларусі