«Ня думала, што так хутка траплю ў польскую школу». Як беларуская настаўніца выкладае матэматыку ў Польшчы

Тацяна Крапіневіч, архіўнае фота

5 кастрычніка ў Беларусі, а 14 кастрычніка ў Польшчы адзначаюць Дзень настаўніка. Выкладчыца матэматыкі зь беларускіх Ляхавічаў Тацяна Крапіневіч ужо месяц працуе ў варшаўскай школе і параўноўвае беларускую і польскую сыстэмы адукацыі.

Тацяне Крапіневіч 43 гады. Паводле адукацыі яна настаўніца матэматыкі. У Беларусі доўгі час займалася бізнэсам. У нейкі момант адчула, што выгарала, стамілася, і вырашыла цалкам зьмяніць сваё жыцьцё. З сталіцы пераехала зь сям’ёй у Ляхавічы. Уладкавалася ў гімназію, два гады адпрацавала настаўніцай матэматыкі, выйграла абласны конкурс «Настаўнік году — 2023» і стала намесьніцай дырэктара гімназіі.

У 2020 годзе напісала некалькі эмацыйных допісаў у сацыяльных сетках, выставіла фота чырвона-белай пасьцілы, выяву майкі з надпісам «Перамены пачынаюцца на нашых уроках», а ў допісе былі словы «Час перамен», — узгадвала Тацяна ў інтэрвію Радыё Свабода.

Аднак увосень 2024 году прарасейская актывістка Вольга Бондарава выставіла 9 допісаў, у якіх называла настаўніцу «ідэйнай змагаркай».

У сярэдзіне сьнежня 2024 году Тацяна празь перасьлед мусіла зьехаць зь Беларусі з малодшай дачкой і адным заплечнікам. Да Варшавы дабіраліся больш за месяц празь пяць краінаў.

«Не стае настаўнікаў»

З канца студзеня Тацяна жыве ў Варшаве, падала заяву на міжнародную абарону. Спачатку яна выкладала матэматыку онлайн: частка вучняў засталася ў Беларусі, частка раней пераехала з бацькамі ў Польшчу. А зь верасьня яна працуе адпаведна спэцыяльнасьці ў польскай школе — выкладае матэматыку.

Аказваецца, і ў польскіх школах бракуе настаўнікаў, асабліва праблемы з настаўнікамі матэматыкі. Пра гэта Тацяне паведаміла знаёмая беларуска, у якой дзіця ходзіць у школу. Знаёмая дала ёй электронны адрас школы і загадала напісаць ліст.

«Натуральна, я нічога не паслала ў школу, бо на той момант (гэта быў канец траўня) узровень маёй польскай мовы быў ніякі. Я нааагул ня ведала польскай і не вывучала яе. У сярэдзіне чэрвеня мне тэлефануе пані Ёлянта, віцэ-дырэктарка школы, і запрашае на сумоўе. Мы зь ёй нават неяк паразмаўлялі — я на ламанай польскай. Тэрмінова знайшла рэпэтытара-беларуса і пачала штодня дзяўбсьці польскую мову», — апавядае Тацяна.

Паралельна яна пачала займацца настрыфікацыяй дыплёму, зьвярнулася па дапамогу да юрыста. Але з гэтым аказалася цяжэй. Якраз мінула паўгода, як Тацяна падала дакумэнты на міжнародную абарону (дагэтуль не разгледжаныя). Але яна атрымала дазвол на працу. У канцы жніўня пайшла ў школу проста паразмаўляць, бо настрыфікацыі дыплёму ў яе так і не было.

«Я марыла працаваць тут, але ня думала, што так хутка траплю ў польскую школу. Сама ў гэта ня верыла, такая была авантура, і напэўна, перадусім з боку адміністрацыі школы. Думала: добра, калі пашанцуе, а не — пайду працаваць у „Жабку“ альбо „Бядронку“ (сеткі прадуктовых крамаў у Польшчы. — РС). Пазнаёмілася з дырэктаркай, яна была зьдзіўленая, што я так хутка загаварыла па-польску.

Выявілася, што ў школе ўсё было ўжо вырашана: атрыманы дазвол з аддзелу адукацыі, вызначана, у якіх клясах я буду выкладаць. Я зрабіла толькі натарыяльныя пераклады дыплёмаў, даведку аб нясуджанасьці і мэдычную даведку», — прызнаецца Тацяна.

У тую школу, дзе яна цяпер працуе, сёлета прыйшлі тры новыя настаўнікі матэматыкі. Яе школа ўкамплектаваная, а ёсьць школы, дзе матэматыкаў дагэтуль няма.

Настаўніца Тацяна Крапіневіч, архіўнае фота

«Дзеці мяне папраўляюць, я ім за гэта ўдзячная»

Калі прыйшла ў школу, настаўніца і дзеці дамовіліся адзін аднаму дапамагаць.

«Я адразу прызналася, што „ня так добра ведаю польскую мову, але выдатна ведаю матэматыку, маўляў, вы мяне вучыце польскай, а я вас — матэматыцы“. Дзеці мяне папраўляюць, я ім за гэта ўдзячная, мне прыемна, што ў нас ёсьць зваротная сувязь. Яны дзякуюць, што я тлумачу зразумела. А я сама ня ведаю, адкуль у мяне бяруцца польскія словы, калі дзіця глядзіць на табліцу і не разумее!», — апавядае настаўніца.

Польская і беларуская сыстэмы адукацыі — дзьве розныя плянэты, прызнаецца суразмоўца. Агульнае толькі тое, што гэта школа, дзе ёсьць урокі і ёсьць настаўнікі і дзеці. І што ўрок доўжыцца 45 хвілін . Усё астатняе абсалютна па-іншаму. У Тацяны ёсьць ідэя завесьці блог і параўноваць польскую і беларускую адукацыйныя сыстэмы, але пакуль не стае часу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінадукацыі расказалі, якія выключэньні зрабілі для школьнікаў на карыстаньне мабільнымі сродкамі

«Тут няма гвалтоўных забаронаў — усе дамаўляюцца»

Больш за ўсё беларускую настаўніцу ўразіла свабода дзяцей.

«Польскія дзеці адчуваюць сябе вольнымі, яны не баяцца гаварыць, не баяцца памыляцца, не баяцца спрачацца, крытычна мысьліць. Гэта тое, чаго ў нас яшчэ няма і, напэўна, доўга ня будзе. У Беларусі ўся адукацыя трымаецца на страху», — скрушна заўважае Тацяна.

Яна прыводзіць прыклад: зараз у беларускіх школьнікаў бунт з нагоды забароны мабільных тэлефонаў. Аднак у Польшчы таксама нельга карыстацца тэлефонамі падчас заняткаў.

«І дзеці не дастаюць мабільнікі з заплечнікаў! У іх ёсьць разуменьне: калі нельга — значыць, нельга. І ня толькі падчас урокаў. І настаўнікі не карыстаюцца: мы на перапынку кантактуем зь дзецьмі, ніхто не ўтаропліваецца ў тыя мабільнікі, няма такой патрэбы. Тут няма гвалтоўных забаронаў — усе дамаўляюцца. Няма пакараньня, няма прыніжэньня, няма страху. Камфорт настаўніка, камфорт дзіцяці перадусім», — кажа настаўніца.

На думку Тацяны, у польскай школе не дырэктар і ня віцэ-дырэктар — галоўныя людзі, а псыхоляг. Усё вырашае псыхоляга-пэдагагічная служба. З кожным пытаньнем трэба ісьці туды: псыхолягі кантактуюць з бацькамі, з настаўнікамі, зь дзецьмі, яны дбаюць, каб усім было камфортна.

Для настаўніка адкрытыя і дыягназы дзяцей: у адмысловай электроннай сыстэме пазначана, якія дзіця мае асаблівасьці.

«Гэта ў Беларусі бацькі хаваюць тыя ж РАС (разлады аўтычнага спэктру), СДУГ (сындром дэфіцыту ўвагі і гіпэрактыўнасьці). А тут настаўнік абавязаны надаваць такім дзецям больш часу. І калі такіх дзяцей у клясе некалькі, заўсёды ёсьць „дапаможны настаўнік“.

Гэта так зручна: ён сочыць за дысцыплінай, дапамагае асноўнаму настаўніку. І калі нават такога няма, ты можаш сказаць кіраўніцтву, што табе з гэтай клясай складана, і папрасіць прызначыць „дапаможнага“», — гаворыць настаўніца.

Настаўніца Тацяна Крапіневіч, архіўнае фота

«Тое, што ў польскіх школьнікаў няма хатніх заданьняў, гэта ня плюс, а мінус»

Тацяна кажа, што ня хоча ганьбіць беларускую сыстэму адукацыі — безумоўна, у яе ёсьць вялікія плюсы. Беларуская адукацыя вельмі грунтоўная, акадэмічная, навуковая, аднак яна дае часам залішне глыбокія веды, якія не спатрэбяцца ў жыцьці, лічыць Тацяна.

«А ў Польшчы яна больш зарыентаваная на практыку: няма перагрузу, акадэмічнасьці, сыстэма больш накіраваная на тое, каб вучань змог атрымаць навыкі і пасьля ўмеў іх стасаваць. Задачы ў матэматыцы зьвязаныя з рэальнымі сытуацыямі, купляньнем у краме, разьлікамі. Толькі ў ліцэі пачынаецца сапраўдная матэматыка, а школа — гэта мінімальныя навыкі, хоць кожны год крыху і складанейшыя», — кажа Тацяна.

А вось тое, што ў польскіх школьнікаў няма хатніх заданьняў, — ня плюс, а мінус, бо гэта азначае, што няма сыстэмнай працы, няма абавязковасьці, адказнасьці.

«І няма замацаваньня матэрыялу. Усё ж мая думка — хатнія заданьні павінны быць. Але адукацыя ня мусіць быць такой перагружанай, як у нас, дзеці па 8 гадзін сядзяць над хатнім заданьнем», — сьцьвярджае Тацяна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будуць школу мыць». Навошта вучняў хочуць абавязаць працаваць і як гэта ўспрымаюць іх бацькі

Няма школьнай формы, гімн сьпяваюць ахвотна

Школьная форма — гэта асобны боль беларускіх вучняў і іхных бацькоў, заўважае яна. У Польшчы і настаўнікі, і дзеці могуць хадзіць у якім-хаця зручным адзеньні, якое ня скоўвае, — у джынсах, байках, майках.

«У 30-градусную сьпякоту ня трэба прыходзіць ў камізэльцы з воўны, бо такая форма прынятая ў гімназіі. Дарэчы, 1 верасьня на лінейку ўсе — і дзеці, і настаўнікі — прыйшлі прыгожыя, акуратна адзетыя. І дзецям ня трэба было нагадваць, крычаць: прыстойна адзенься.

І што яшчэ мяне ўразіла: усе з задавальненьнем, урачыста, стоячы сьпяваюць гімн. Іх ніхто не прымушае, не крычыць (сама чула, як у нас завуч раўла, чаму дзеці ціха сьпяваюць). Я ў чужой краіне, слухаю чужы гімн, і ў мяне проста пацяклі сьлёзы. Вось гэта ідэалёгія, вось гэта патрыятызм, а ня так, як у нас — калі іх прымушаюць і крычаць. Тут дзіця адчувае павагу», — заўважае розьніцу настаўніца.

Днямі ў школе быў сход: зьбіраюць вучняў, настаўнікаў і нагадваюць пра правілы, пералічваюць выпадкі, хто бегаў і кагосьці зачапіў, нагадваюць, як сябе паводзіць.

«Гэта ўсё адбываецца на такой пазытыўнай, добрай ноце. Ніхто нікога не прабірае, не „шыхтуе“, а заклікаюць асэнсаваць, што, маўляў, ты робіш дрэнна і некамфортна для іншых людзей. Зьвяртаюцца да пачуцьцяў, а ня як у нас — запалохаць, накрычаць, трымаць у страху, каб дзеці баяліся», — параўноўвае Тацяна.

Тацяне падабаецца, што школа сама вызначае, якімі падручнікамі карыстацца. І ніхто не кантралюе, што сёньня павінна быць гэтая тэма, а заўтра іншая — настаўнік можа на адной тэме засяродзіцца даўжэй, калі вучні не засвоілі яе. Няма жорсткіх патрабаваньняў і да афармленьня сшыткаў: там можна маляваць, клеіць налепкі, ніхто ня лічыць клетачак — колькі трэба адступіць. Дарэчы, настаўнік сшыткаў не правярае, толькі глядзіць, каб дзіця працавала.

«На няпоўную стаўку я атрымліваю тут нашмат болей, чым у Беларусі на паўтары»

Што да загружанасьці на працы і заробку, у Польшчы поўная стаўка настаўніка — 18 гадзін, у Беларусі — 20. У Тацяны цяпер 12 гадзін — дзьве траціны стаўкі.

«Я вельмі рада, што пакуль так. У мяне па 3 урокі 4 разы на тыдзень. І хоць у Беларусі дзякуючы конкурсу ў мяне была найвышэйшая катэгорыя, у Польшы я пакуль на найніжэйшай пазыцыі. Але шчыра скажу: нягледзячы на няпоўную стаўку, на ніжэйшую катэгорыю, я атрымліваю тут нашмат болей, чым у Беларусі на паўтары стаўкі і з найвышэйшай катэгорыяй», — прызнаецца Тацяна Крапіневіч.

Згодна зь Белстатам, у Беларусі працуюць 102,3 тысячы настаўнікаў. 87,6% настаўнікаў у Беларусі — жанчыны. Сярэдні заробак у студзені—жніўні сёлета ў настаўнікаў 2495,6 рубля. Гэта на 267 рублёў менш, чым быў сярэдні заробак у Беларусі ў жніўні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Міністэрстве адукацыі расказалі, чаму ў Беларусі забаранілі дыстанцыйнае навучаньне школьнікаў