У выніку 17 самалётаў не змаглі вылецець з аэрапорта, што закранула прыкладна 3 тысячы пасажыраў.
15 рэйсаў, якія кіраваліся ў Мюнхэн, адправілі на іншыя аэрадромы.
Аэрапорт аднавіў працу толькі а 5-й гадзіне раніцы.
«„Жалезны купал“ для Нямеччыны мусіць быць! Нам нарэшце патрэбна дзейсная абарона ўсёй нашай інфраструктуры і вайсковых абʼектаў, напісаў у X Маркус Зёдэр — міністар-прэзыдэнт Баварыі (прэмʼер-міністар), сталіцай якой і ёсьць Мюнхэн. — З гэтага часу мусіць дзейнічаць правіла: Зьбіваць, а не чакаць! І прытым пасьлядоўна! Наша паліцыя мусіць мець магчымасьць неадкладна зьбіваць дроны».
«Баварыя распрацоўвае для гэтага паскораны закон. Мы разгледзім яго ўжо ў аўторак на пасяджэньні Савета міністраў. Фэдэральны ўрад таксама павінен як мага хутчэй унесьці зьмены ў Закон аб бясьпецы палётаў.
Гаворка ідзе ня толькі пра прадухіленьне шпіянажу. Наша інфраструктура павінна заставацца працаздольнай у любы час. Нам патрэбны сувэрэнітэт над нашай паветранай прасторай» — зазначыў кіраўнік Баварыі.
У ноч на 3 кастрычніка неапазнаныя бесьпілётнікі былі заўважаныя над вайсковай базай Эльзэнборн у Бэльгіі, паведаміла VRT.
Пасьля гэтага каля 15 дронаў заляцелі ў паветраную прастору Нямеччыны, што заўважыла паліцыя нямецкага горада Дзюрэн (гэта за паўтысячы км ад Мюнхэна) . Адкуль узяліся бесьпілётнікі, хто імі кіраваў і куды яны зьніклі пасьля, пакуль незразумела.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аэрапорты Капэнгагену і Осла на некалькі гадзін спынялі палёты праз дроныУ апошнія тыдні нярэдка паведамляецца пра невядомыя бесьпілётнікі, заўважаныя над ключавымі абʼектамі інфраструктуры і ваеннымі базамі, у такіх краінах, як Данія і Швэцыя, а таксама на поўначы Нямеччыны.
Першым падобным інцыдэнтам стала зьяўленьне дронаў над аэрапортам Капэнгагена ўвечары 24 верасьня. Пакуль не вылучалася ніякіх афіцыйных вэрсій пра тое, хто стаіць за гэтым і ці зьвязаныя гэтыя выпадкі паміж сабой. Датычнасьць Расеі ўлады не выключаюць.
Нямецкае выданьне Spiegel у пятніцу напісала, што сьледзтва вывучае магчымую сувязь запускаў бесьпілётнікаў з суднам так званага расейскага «ценевага флёту», якое было непадалёк ад месца зьяўленьня дронаў у Нямеччыне.
Раней у Францыі затрымалі меркаванае судна ценевага флёту, адносна якога СМІ вылучалі вэрсіі пра яго магчымую датычнасьць да запуску дронаў над Даніяй.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падчас выступу на Валдаі напярэдадні на пытаньне, «навошта ён запускае дроны над Даніяй», адказаў, што «больш ня будзе». Ён адпрэчыў датычнасьць Расеі да інцыдэнтаў, параўнаўшы іх з выяўленьнем «НЛА».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 700 вайсковых дронаў праляцелі над Беларусьсю за год, ёсьць выбухі і разбурэньні. Чаму ўлады гэта ўтойваюць?