Куды прападае свабода
Ці вы заўважылі, што за апошні год з амэрыканскай палітычнай рыторыкі зьнікла слова свабода? Тое, што заўсёды выглядала тоесным самой Амэрыцы, як маяк заходняга сьвету, што прываблівае караблі. Выходзіць, і гэтая кніга Аляксандра Лукашука «Там дзе няма цемнаты. Радыё Свабода» — гэта пэўная рыса ня толькі пад кар’ерай самага доўгатэрміновага дырэктара РС, але і пад тым сьветам, у якім мы жылі і дзе галоўным вобразам была свабода.
Вядома, нарадзілася яна не ў Амэрыцы, а ў часе Вялікай францускай рэвалюцыі. Вось хтосьці ўжо і патрабуе вярнуць Статую Свабоды, падарунак Францыі, зь Нью-Ёрку на радзіму. Аднак у сьвядомасьці нашага з Лукашуком пакаленьня менавіта Амэрыка трымае ў руцэ паходню свабоды. Што будзе далей, можна толькі меркаваць. У кожным разе пачатак будзь якога прыгнёту азначае і пачатак барацьбы за вызваленьне, бо свабода робіцца больш адчувальнай і жаданай.
Цытата, якую Аляксандар Лукашук узяў загалоўкам сваёй кнігі, — зь песьні гурта «Уліс» «Радыё Свабода», глыбей узыходзіць да раману Джорджа Оруэла «1984», дзе яна значыць адваротнае — катаваньне сьвятлом у турме, пра што цяпер ведаюць усе беларускія палітвязьні. І насуперак свабоды ў кнізе Лукашука паўстаюць ня толькі турма, але і бюракратыя, і само чалавечае глупства, а часам і сам чалавек. Вось дзе ўласна і патанае наша свабода.
Людзі не становяцца лепей, і грамадзтвы становяцца то лепшымі, то горшымі — усё якраз і залежыць ад адносінаў да свабоды, да законаў, да прэзумпцыі невінаватасьці. Як недарэчна сёньня чытаецца артыкул 33 быццам бы актуальнай Канстытуцыі Беларусі: «Кожнаму гарантуецца свабода меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне. Манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай, арганізацыямі, а таксама цэнзура не дапускаюцца». Што вы, ніякай цэнзуры! Трэба толькі дадаць: усе журналісты сядзяць у турмах, усе СМІ выціснутыя за мяжу, на волі адна прапаганда.
Законы ператвараюцца ў пыл, калі за імі не стаяць місія і місіянэры.
Лукашук піша: «Свабода мэдыяў заўсёды была тэмай Свабоды, як і тэма турмы, бо гэта галоўныя тэмы жыцьця ў прэзыдэнцкай Беларусі».
Напрыканцы сваёй кар’еры ў Лукашука зьявіўся сыстэмны клопат — выцягваць сваіх работнікаў з турмаў і з самой Беларусі. Бо ўсе, хто ня выехаў, апынуліся за кратамі.
Што праўда, цягацца з КГБ дырэктару Радыё Свабода даводзілася на працягу ўсёй кар’еры, пра што ў кнізе ёсьць цэлыя прыгодніцкія сюжэты. Лукашук працаваў на РС больш за 30 гадоў, асноўную частку дырэктарам. Відавочна, што гэта зусім не была ідылія.
Прэзентацыя кнігі былога дырэктара Радыё Свабода Аляксандра Лукашука. Вільня, 17 траўня 2024 году
Агентура ня сьпіць
Пару дзён таму ўвечары мы зь сябрамі сустракаліся каля бару «Kill Bill» дзесьці на варшаўскім раёне. Піва там чэскае, такое самае, як у праскай «Люцэрне»… Мы стаялі на вуліцы, бо ўжо позна і холадна, але нас сагравала сустрэча і размова. У паўтарох мэтрах ад нас стаяў чалавек, засяроджаны на сваім тэлефоне. Здаецца, ён і не хаваў, што займаецца нашай «праслушкай». Ніякай іншай прычыны яму тут стаяць і так стаяць не было. Гэта агент. Не дывэрсант, а менавіта «слухач». За апошнія гады жыцьця за мяжой я бачыў такіх шмат там, дзе зьбіраюцца беларусы. Шмат разоў чытаў у сеціве пра агентаў з канкрэтнымі прозьвішчамі і ўчынкамі, шмат таксама безь ніякіх доказаў, але з упартасьцю выкрыцьця.
Тэма сэксотаў цікавіла мяне заўсёды, але не скажу, што моцна. Цяпер увогуле не надаю гэтаму вялікага значэньня. У глыбіні гэтай тэмы губляецца сам сэнс сэксоцтва, бо там важным ці няважным робіцца сам чалавек, а ня функцыя, і я не адчуваю, што мне асабіста ці камусьці істотнаму для мяне гэта можа чымсьці пашкодзіць. Таму калі гэта чалавек, варты толькі гэтага свайго сэксоцтва, ён там і застаецца, па-за полем маёй увагі, бо нашы «тэмы» проста ня могуць перасячыся. Калі ж гэта ў большай ступені чалавек, яму проста няма як сапсаваць сваім сэксоцтвам нашы дачыненьні. Сама гэтая функцыя — агент — успрымаецца як атавізм нейкіх даўніх часоў, калі было шмат сакрэтнасьці і непрыгляднасьць было лёгка схаваць. Акурат Аляксандар Лукашук вывучае гэтую зьяву і распавядае пра гэта ў сваёй кнізе.
Напрыклад, пра візыт у 1994 годзе на Радыё Свабода былога старшыні КГБ СССР Вадзіма Бакаціна. Лукашук запытаўся, ці мог бы госьць, як жэст добрай волі, сказаць, колькі агентаў КГБ меў і мае на радыё. Бакацін адказаў, што нічога пра гэта ня ведае, але думае, што агентаў КГБ на радыё няма. Пасьля Лукашук пытаўся пра тое самае ў былога дырэктара ЦРУ Боба Гейтса і той адказаў тое самае.
Між тым, аўтар, як дасьледнік тэмы, ведае пацьверджаныя прыклады сэксоцтва, напрыклад са Штазі, тайнай паліцыі ГДР, і можа сьцьвярджаць, што пры камуністах гэта была пашыраная практыка ва ўсіх сацыялістычных краінах, а таксама дае рэкамэндацыі. Мяркую, на выпадак, калі вы надумалі кагосьці назваць агентам ці нехта назваў вас:
«Яшчэ пры Андропаве КГБ эфэктыўна ўжываў тактыку абгавору, прадстаўляючы таго ці іншага дысыдэнта сваім агентам. Апраўдацца было амаль немагчыма. Даказаць нават праз гады, калі закрытыя ўсе архівы, таксама.
Найлепшы адказ — найлепшым чынам рабіць сваю працу. Не апраўдвацца, не дадаваць кіслароду ў полымя чутак. Не марнаваць часу і сілаў на крыўды і абвяржэньні, канцэнтравацца на ўласнай справе. Захоўваць правілы бясьпекі, камунікацыяў, не даваць падставаў для шантажу. І ўмець глядзець не на словы, а на справы і іх наступствы ў доўгатэрміновым кантэксьце. Гэта вы жывяце і працуеце, а яны цярпліва чакаюць».
На мой погляд, камунікацыі разьвіваюцца і зьвесткі ад праслушак цяпер мала што значаць, бо гэта толькі маніпуляцыі. (Вось зь Беларусі ўвесь час паведамляюць пра міліцэйскія машыны з настроеным мікрафонам. Спыняюцца, як правіла, каля дамоў прыстойных людзей і я не ўяўляю, што яны могуць там пачуць, апроч таго, што самі ж інтэрпрэтуюць загадкавым словам «экстрэмізм».)
Але вось істотная інфармацыя для развагаў:
«Было некалькі выпадкаў, калі былыя супрацоўнікі раптам пачыналі кампанію бруду, — піша Лукашук. — Нагодай звычайна выступала звальненьне, мовай нападак заўсёды была расейская — быццам каналізацыю ў галаве прарывала. Я, дарэчы, упэўнены, што менавіта мова служыла нам абярэгам, не падпускала розных зданяў у пагонах і без. Беларуская мова цураецца адкрытай варажнечы і нянавісьці. Думаю, зусім не выпадкова новая генэрацыя карнікаў не гаворыць па-беларуску».
Выснова ўжо цалкам пераносіць нас у дзень сёньняшні і проста ў фэйсбучныя «лінчаваньні»:
«Ці маюць спэцслужбы дыктатарскіх рэжымаў сваіх агентаў на Радыё Свабода ці, шырэй, у апазыцыйных асяродках — адкажу, як Бакацін. Незалежных крыніцаў ня маю. Выключыць не магу. Але буду бараніць кожнага, пакуль не пераканаюся ў адваротным.
Прэзумпцыя невінаватасьці — занадта вялікае дасягненьне цывілізацыі, каб аддаваць яго на пацеху спэцслужбам.
У абодвух сэнсах».
Асаблівасьці пісьма
Кніга, апроч іншага, служыць уводзінамі ў заходні сьвет — калі савецкі з паходжаньня чалавек апынаецца ў самым што ні ёсьць асяродку амэрыканцаў, прычым у статусе аднаго зь іх. Да Лукашука дырэктарамі станавіліся толькі несавецкія людзі. Хтосьці цытатай на вокладцы заўважыў, што гэтая кніга мусіць быць на ўсіх факультэтах журналістыкі вольнай Беларусі. Гэта натуральна, але чытаць яе таксама трэба як падручнік заходняга сьвету, на тле якога жыве Беларусь, робіцца беларуская журналістыка. Гэта ўнікальны досьвед. Большыя і меншыя гісторыі, якія толькі падкрэсьліваюць бясконцасьць — тое, што іх проста немагчыма ахапіць ды апісаць усе. Бо на кожным павароце сюжэту ўяўляецца некалькі працягаў, і кніга, якая быццам хоча ахапіць усё жыцьцё і пры тым сама разумее, што гэта немагчыма — занадта шмат тэмаў.
Аляксандар Лукашук, які шмат значэньня надае фармальным рэчам, кажа, што калісьці хацеў напісаць «партытуру свайго журналісцкага часу» ў трох частках: «Перад Свабодай», «На Свабодзе» і «Пасьля Свабоды». Але зьнешнія абставіны не далі яму гэтага зрабіць. Тым ня менш, піша ён, першапачатковая ідэя была правільная, бо мы заўсёды — перад свабодай.
РС ці РСЭ
Калі ў Амэрыцы пра свабоду перасталі гаварыць, дык у Эўропе, наадварот, яна застаецца культавым паняткам, недатыкальным законам. Дарэчы, поўная назва радыё гучыць так: Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Першая частка аб’ядноўвала службы для краін Варшаўскай дамовы — так званых сацыялістычных, другая — для савецкіх рэспублік. У 1975 годзе рэспублікі Балтыі — Літву, Латвію і Эстонію перавялі з РС у РСЭ, далучылі да Эўропы. У выніку (мне так думаецца) сёньня нашы суседзі: Польшча і краіны Балтыі апынуліся ў NATO і Эўразьвязе, РСЭ вяшчаць на гэтыя краіны перастала за непатрэбнасьцю, бо ўсталявалася ўласная свабода слова. Беларусь жа засталася прыпісанай да СССР, да Расеі.
У 2010-я гады я на нейкі час патрапіў на працу ў галоўны офіс Радыё Свабода ў Празе. Акурат набліжаўся юбілей беларускай службы — 60 гадоў. Патрабавалася пэўная важная падзея, каб замацаваць важную дату, і я прапанаваў перавесьці беларускую службу з РС у РСЭ.
Магчыма, ідэя была нэафіцкая, бо ніхто яе не падтрымаў. Між тым, мне думалася пра тое, каб цягнуць Беларусь наперад, а не назад, у савецкую рэспубліку з савецкай сымболікай, расейскай мовай і нулявой свабодай слова.
Атрымалася ў выніку, што калі ня цягнеш наперад, яно само спаўзае назад. І гледзячы на сёньняшнюю Беларусь і ўмовы працы радыё, я думаю, што яму цяпер больш адпавядае ранейшая назва, зь якой радыё і стваралася — радыё «Вызваленьне».
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Свабода не каштуе таго, каб яе давалі гвалтам». Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра вызваленьне палітвязьняў