Старшыня ПАРЭ зьвярнуўся да зьняволеных беларускіх журналістаў: «Мы не забудзем пра вас»

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэодарас Русопуляс. Архіўнае фота

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэодарас Русопуляс у інтэрвію Радыё Свабода згадаў зьняволеных беларускіх журналістаў і выказаў ім словы падтрымкі.
  • Тэодарас Русопуляс нарадзіўся ў 1963 годзе ў Грэцыі, ягоная сям’я перажыла рэпрэсіі падчас дыктатуры ў гэтай краіне.
  • Вядомы як журналіст, палітык і ўнівэрсытэцкі прафэсар.
  • Ён зрабіў кар’еру ў журналістыцы, а ў 2000 годзе прыйшоў у палітыку, займаў пасады дзяржаўнага міністра і прэс-сакратара ўраду з 2004 па 2008 гады.
  • Пазьней стаў выкладчыкам Эўрапейскага ўнівэрсытэту Кіпру, дэпутатам парлямэнту Грэцыі і старшынём Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
  • Ня раз выказваўся ў падтрымку народу Беларусі.

Цягам восеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прайшло некалькі важных падзеяў, зьвязаных з свабодай прэсы і свабодай журналістаў. У фае сэсійнай залі адкрылася выстава аб зьняволеных Расеяй украінскіх журналістах «Прэса ў зьняволеньні». Тры журналісты апошнім часам былі вызваленыя з расейскага палону, сярод іх Максім Буткевіч, які на гэтай сэсіі ПАРЭ атрымаў прэмію імя Вацлава Гавэла. Але яшчэ 26 ўкраінскіх журналістаў застаюцца ў расейскім палоне. У ПАРЭ прайшла акцыя памяці журналісткі Вікторыі Рошчынай, якая ў расейскім палоне загінула.

Згадвалі тут і 29 зьняволеных беларускіх журналістаў. Гаворачы пра іхныя лёсы, Тэодарас Русопуляс у інтэрвію Свабодзе найперш згадаў свайго сябра, былога палітвязьня Мікіса Тэадаракіса:

«Гэта быў выдатны грэцкі кампазытар. Я вельмі блізка сябраваў зь ім, і менавіта пра гэта я ўчора расказваў расейцам, якія былі ў маім кабінэце. Я размаўляў зь Мікісам пра яго выгнаньне. Яго кідалі ў турму пры дыктатуры ў 1967 годзе, але ён шмат разоў быў увязьнены і падчас Другой усясьветнай вайны, і пасьля. Ён для нас, грэкаў, ня толькі вялікі кампазытар, а больш чым герой.

Калі я размаўляў зь ім пра выгнаньне, у якім ён жыў у Парыжы пасьля вызваленьня, а да таго быў зьняволены амаль год у Грэцыі, ён сказаў мне, што заўсёды марыў пра волю, але нават ня мог уявіць, якім будзе гэты дзень».

Тэодарас Русопуляс сказаў, што свабодай слова ў Беларусі і свабодай беларускіх журналістаў занепакоеныя ня толькі Рада Эўропы і асабіста ён, але і многія іншыя людзі.

«Майго цесьця пры дыктатуры пасадзілі ў турму на два з паловай гады. Пазьней, калі я сустрэўся з маёй жонкай, а яго дачкой, ён сказаў мне, што калі Рада Эўропы выгнала Грэцыю, выключыла, яны былі вельмі шчасьлівыя, бо адчувалі ў турме, што хтосьці клапоціцца пра іх, хтосьці думае пра іх, яны не забытыя.

Вось жа галоўнае — не забываць. Мы перадаем людзям пасланьне аб тым, што не забываемся. Вядома, мы ня можам узяць зброю і пайсьці вызваляць іх у такой краіне, як Беларусь, на жаль. Але пасланьне павінна заставацца моцным. Часам людзі схільныя забываць, а калі вы забываецеся, то выглядае, быццам вас больш гэта не турбуе. Таму мы надалей будзем памятаць пра іх. А плятформа, якую мы стварылі для вашых суайчыньнікаў і якая даступная ім для супрацы з намі тут, у Радзе Эўропы, у Асамблеі, — гэта выразны сыгнал: мы не павінны забываць пра іх і мы будзем іх падтрымліваць», — заявіў Тэодарас Русопуляс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дакладчык ПАРЭ камэнтуе 5 канкрэтных сытуацыяў беларусаў у выгнаньні: дэпартацыя, праблемы зь візай і рахункам, шлюб і нараджэньне дзіцяці