У «Белнафтахіме» адрапартавалі, колькі сьвідравін распрацавалі на нафтавых радовішчах

Сьцяг канцэрна «Белнафтахім», ілюстрацыйнае фота

У канцэрне «Белнафтахім» паведамілі, што на самым вялікім у Беларусі Рэчыцкім нафтавым радовішчы прабурылі дзьве новыя сьвідравіны і яшчэ па аднай на кожнай з шасьці іншых пляцовак у Гомельскай вобласьці.

Як адзначаецца ў паведамленьнікампаніі, на Рэчыцкай пляцоўцы змантавалі яшчэ дзьве буравыя ўстаноўкі, і па адной — на Вышаміраўскім і Масквічоўскім радовішчах. Апроч таго, падрыхтавалі пяць новых пляцовак пад будаўніцтва буравых.

Згодна зь інфармацыяй Міністэрства прыродных рэсурсаў і навакольля, у Беларусі выявілі 96 радовішчаў нафты, 62 зь якіх распрацоўваюцца. Прамысловыя запасы нафты ацэньваюць у 46,2 мільёна тон. У 2024 годзе «Беларуснафта» здабыла 1,938 мільёна тон нафты.

Некалькі дзён таму выданьне «Люстэрка» апублікавала ўнутраны ўрадавы дакумэнт, у якім тлумачыцца, чаму ў Беларусі ня могуць знайсьці дадатковыя радовішчы нафты, як гэтага патрабуе Аляксандар Лукашэнка.

У дакумэнце, падпісаным кіраўніком прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук і савета па стратэгічных праектах Уладзімірам Гусаковым, адзначаецца, што не хапае кваліфікаваных і вузкапрофільных спэцыялістаў і працоўных праз высокую цякучку кадраў, зношанае абсталяваньне і недастатковае фінансаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка правёў закрытыя нарады аб дзейнасьці ВПК і нафтаперапрацоўкі, а таксама аб супрацы з Афрыкай