У Менск прыбыла новая кіраўніца амбасады Нямеччыны

Катрын аўс дэм Зіпэн (справа)

Амбасаду ФРН у Беларусі ўзначаліла Катрын аўс дэм Зіпэн.

Дыпляматка прыбыла ў Менск 1 кастрычніка з нагоды Дня адзінства Нямеччыны, гаворыцца ў паведамленьні нямецкага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Беларусі.

Да прызначэньня ў Менск Катрын аўс дэм Зіпэн узначальвала палітычны дэпартамэнт амбасады Нямеччыны ў Францыі, а перад гэтым займала розныя пасады ў замежнапалітычным і абаронным ведамствах краіны. У 2006–2009 гадах працавала ў палітычным дэпартамэнце амбасады Нямеччыны ў Маскве (Расея), раней — у дыпляматычных прадстаўніцтвах краіны ў Люксэмбургу і Шанхаі (Кітай), піша «Позірк».

2 кастрычніка прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын падпісаў пастанову, у адпаведнасьці зь якой Канстанцін Чыжык зьменіць на пасадзе дарадцы-пасланьніка амбасады Беларусі ў Нямеччыне Андрэя Шупляка. Ва ўмовах адсутнасьці амбасадара дарадца-пасланьнік выконвае функцыі часовага паверанага ў справах. Раней Чыжык узначальваў упраўленьне Эўропы ў Галоўным кіраўніцтве Эўропы і Паўночнай Амэрыкі Міністэрства замежных спраў.

У ліпені стала вядома, што дыпляматка Андрэа Віктарын завяршыла працу ў якасьці часовай паверанай ў справах Нямеччыны ў Беларусі, прапрацаваўшы на гэтай пасадзе менш за год. На яе яна атрымала прызначэньне ў верасьні 2024 году. У 2000–2003 гадах Віктарын была пастаяннай прадстаўніцай амбасады ФРН у Менску, у 2015–2019 гадах узначальвала прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.

Пасьля падзей 2020 году ўсе дыпляматычныя місіі краін ЭЗ у Беларусі, акрамя Вугоршчыны і Славаччыны, якія прызначылі амбасадараў, узначальваюцца часовымі паверанымі ў справах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раённая рада ў Франкфурце-на-Майне вырашыла ўшанаваць Васіля Быкава, які тут жыў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША паведаміў пра зьняцьце санкцыі зь «Белавія» і пра намер аднавіць працу амбасады ў Менску