«ПіК Свабоды». Навошта ЗША вызваленыя палітвязьні? — вынікі тыдня з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам

Вызваленыя і выправаджаныя з краіны палітвязьні, Арцём Шрайбман, каляж

Юры Дракахруст у жывым эфіры Youtube-каналу Свабоды ў праграме «ПіК Свабоды» пагутарыў з палітычным аналітыкам Арцёмам Шрайбманам.

Таксама ў праграме прагучалі галасы мастачкі Кацярыны Ваданосавай, дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай у праўных пытаньнях Леаніда Марозава і гісторыка Цімоха Акудовіча.

0:47 — Чаму Лукашэнка захацеў пагаварыць з Зяленскім?
10:30 — Заявы Кіта Келага: Ці будуць ЗША змагацца за лепшыя ўмовы вызваленьня палітвязьняў і за спыненьне рэпрэсіяў?
23:34 — Сканчэньні тэрміну даўніны па артыкуле 342 КК: рэпрэсіі зьменшацца ці мадыфікуюцца?
34:01 — Справа Кацярыны і Нэлі Ваданосавых: як прымірыць гуманнасьць і закон?
44:51 — Чаму ўлады зараз ствараюць беларускі Пантэон, але без Каліноўскага і Быкава?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцыяльны прадстаўнік Трампа для Ўкраіны расказаў, навошта ЗША вядуць перамовы з Лукашэнкам

— Днямі спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта Трампа Кіт Келаг заявіў, што галоўная мэта перамоваў ЗША з Лукашэнкам — усталяваньне дадатковага каналу камунікацыі з Крамлём, а не вызваленьне палітвязьняў. Генэрал Келаг патлумачыў: «Мы разумеем, што Лукашэнка вызваліць аднаго, а потым, імаверна, схопіць яшчэ дваіх. У яго больш за тысячу палітзьняволеных, і іхнае вызваленьне — гэта станоўчы пабочны эфэкт ад таго, што адбываецца.... Калі мы выцягнем хаця б аднаго — гэта ўжо перамога». Ці азначае гэта, што ЗША не зьбіраюцца прыкладаць асаблівыя высілкі для таго, каб дамагчыся спыненьня рэпрэсіяў ці нават больш спрыяльных умоваў вызваленьня палітвязьняў, без выправаджэньня?

— Келаг — самы высокапастаўлены амэрыканец, які з 2020 года прыяжджаў у Менск. Я думаю, што няма падстаў не давяраць гэтай яго заяве, ды яна і ў прынцыпе цалкам супадае з тым, што мы ведаем пра Дональда Трампа. У адносінах з усімі краінамі сьвету ён не выяўляе з сябе праваабаронцу. Пра дыктатараў ён адгукаецца хутчэй станоўча. Можна прыгадаць яго цёплыя словы пра Аліева, пра Эрдагана. Адзіны раз, калі ён патрабаваў вызваленьня нейкага палітыка — дык гэта экс-прэзыдэнта Бразыліі Балсанару, ультраправага аднадумца Трампа. І я не думаю, што адносіны цяперашняга прэзыдэнта ЗША зь якой бы то ні было краінай будуюцца на клопаце пра тамтэйшых палітвязьняў. Проста посьпехам для беларускіх палітвязьняў аказалася тое, што памочнікі Трампа здолелі ўнушыць яму ідэю, што гэта магло б быць цікавым дадатковым бонусам у дыялёгу з Менскам.

Тое, што гэта пабочны эфэкт, не азначае, што ён ня важны для ЗША. Я думаю, што ў цэлым яны працягнуць дамагацца вызваленьня беларускіх палітвязьняў, бо пра гэта ўжо Трамп тройчы публічна заяўляў. І самі па сабе гэтыя заявы ўжо робяць тэму прыярытэтам для амэрыканскай бюракратыі незалежна ад таго, што гэта не было галоўнай прычынай старту дыялёгу з Менскам. Для Келага беларускія палітвязьні наўрад ці зьяўляюцца тэмай, пра якую ён думае штодня. Хоць пры гэтым нейкае веданьне прадмета ён паказвае. Але для яго расейска-украінскае мірнае пагадненьне — гэта прыярытэт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка дэпартуе вызваленых палітвязьняў? Аналіз Юрыя Дракахруста

Але ёсьць і іншыя людзі ў Вашынгтоне, якія працуюць на беларускім напрамку. Той жа дыплямат Крыстафэр Сьміт займаецца Беларусьсю даўжэй, чым адміністрацыя Трампа знаходзіцца ва ўладзе. Першым, хто выйшаў на волю па гэтай схеме — вызваленьне з наступным выправаджэньнем — быў ваш калега Алег Груздзіловіч. Гэта адбылося яшчэ тры гады таму, у верасьні 2022 года. Гэта значыць, гэты працэс у тым ці іншым выглядзе пачаўся яшчэ да адміністрацыі Трампа. Проста ў адміністрацыі Трампа зьмяніўся падыход да Менска і ўвогуле да сусьветнай палітыкі, зьявілася лякальная цікавасьць да таго, каб размаўляць з Лукашэнкам пра Пуціна і пра вайну. І ўдалося ўключыць у гэты працэс вызваленьне палітвязьняў.

Я абсалютна згодны з вашай пастаноўкай пытаньня, што амэрыканцы ня пойдуць далей па ўсім сьпісе пажаданьняў беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці. Палітвязьні — гэта вельмі зручны, клікабельны індыкатар, каб паказаць, што ты чагосьці дамогся, вызваліўшы іх.

Усё астатняе — зьніжэньне ўзроўню рэпрэсій, адмена нейкіх рэпрэсіўных нормаў, чорных сьпісаў пры працаўладкаваньні — ужо цяжка прадаць і амэрыканскаму грамадзтву, і амэрыканскаму прэзыдэнту. Думаю, што Трамп будзе дамагацца поўнага вызваленьня палітвязьняў. Калі Лукашэнка будзе набіраць новых, то ён ніколі не прыйдзе да нуля, а гэта наўрад ці будзе адпавядаць чаканьням ЗША.

Аднак калі Лукашэнка адпусьціць усіх, Трамп свае іміджавыя вяршкі здыме, а потым Лукашэнка павольна пачне зноў саджаць людзей, то наўрад ці Трамп абурыцца і скажа, што па паведамленьнях «Вясны» зьявілася яшчэ, скажам, 6 палітвязьняў гэта недапушчальна. Я ня веру, што ў адміністрацыі Трамп ёсьць інтарэсы за межамі вызваленьня вось гэтых 1.300-1.500 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не трымайце нас за дурняў», — генэрал Келаг пра зьняцьцё часткі санкцыяў ЗША зь «Белавія»

— Келаг мог наконт спыненьня рэпрэсіяў як мэты адказаць нешта кшталту: «Мы працуем над вырашэньнем гэтай праблемы», «Мы разьлічваем, што беларуская ўлады будуць гэта рабіць», нават, што «пры Байдэне палітвязьняў у Беларусі было больш». Чаму адказаў так, як адказаў?

— Я нагадаю, што Келага зьяўляецца спэцдакладчыкам усё ж па Ўкраіне, а не па Беларусі, і наўрад ці ў яго вельмі глыбокае разуменьне дынамікі колькасьці беларускіх палітвязьняў. Яго проста выпадкова вылавілі ў кулюарах канфэрэнцыі беларускія журналісты. Гэтага магло і не адбыцца. Я ня ўпэўнены, што ён рыхтаваўся да такога інтэрвію. А што да варыянтаў, пра якія вы кажаце — а навошта яму было шукаць такія дыпляматычна вытанчаныя фармулёўкі? Ён — немалады адстаўны генэрал, а не дыплямат. Аднойчы, кажучы аб спыненьні вайсковай дапамогі Ўкраіне, ён заявіў, што Амэрыцы трэба было гэта зрабіць, каб «даць быку па галаве». І гэта ён казаў пра ўсё яшчэ саюзьніка ЗША. Дык чаму хтосьці чакае ад гэтага чалавека далікатнасьці ў адносінах да беларускіх праваабаронцаў і дэмсілаў?

— Калі можна «даць па галаве» і гэтаму «быку»?

— Не, ён проста сапраўды сказаў тое, што ён думае. І перадача сыгналаў Пуціну праз Лукашэнку, размовы зь ім пра вайну — гэта тое, што яго цікавіць. Вызваленьне палітвязьняў — прыемны пабочны бонус. Але навошта з гэтай нагоды плесьці дыпляматычныя карункі? Для каго? Для ААН? Я не бачу ў адміністрацыі Трампа на ўзроўні яго найбліжэйшых дарадцаў жаданьня датрымлівацца гэтай дыпляматычнай карэктнасьці. Тут мы маем справу не Эўразьвязам зь яго прэс-рэлізамі пра глыбокую занепакоенасьць. З гэтай адміністрацыяй пра такое варта забыцца. Гэтым і тлумачыцца такая гранічная шчырасьць фармулёвак у Келага.


«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.