Генэральная дырэктарка «Мультымэдыйнай плятформы замежных трансьляцыяў Украіны» Юлія Бін заявіла, што беларуская аўдыторыя застаецца адным з асноўных спажыўцоў расейскамоўных тэлепрадуктаў Украіны.
«Ёсьць значная частка праглядаў і ў YouTube, дзе мы можам бачыць статыстыку праглядаў у канкрэтных краінах. [...] у топ краін тут траплялі Беларусь, Расея, Нямеччына, Узбэкістан, Казахстан», — сказала Юлія Бін у інтэрвію дзяржаўнаму агенцтву Укрінформ.
У прыватнасьці, паводле яе, шмат беларусаў апошнім часам глядзелі інфармацыю тэлеканалу FREEДОМ пра выбары ў Малдове і пра гібрыдныя спэцапэрацыі Расеі ў гэтай краіне.
Юлія Бін адзначыла, што ўсе тэлепраекты Ўкраіны для замежжа — UATV, FREEДОМ, «Дім» — заблякаваныя ў Расеі і Беларусі. «Мы ня маем доступу да кабэльных сетак у гэтых краінах, а запаволеньне работы YouTube яшчэ больш ускладніла пашырэньне зьместу».
«Мы разумеем, што шмат расейцаў ці беларусаў пачалі глядзець нас праз VPN. Бо калі да запаволеньня YouTube у нас было больш за 50% праглядаў з Расеі, то цяпер 30–35%, але вырасьлі лічбы ў такіх краінах, як Данія, Нідэрлянды, Чэхія. Хутчэй за ўсё, гэта расейцы, якія ўключылі VPN. У той жа час агульны паказьнік пераглядаў FREEДОМ з-за мяжы застаўся на ўзроўні 90%, то бо мэтавую замежную аўдыторыю мы ня страцілі», — патлумачыла яна.
Юлія Бін дадала, што замежная аўдыторыя найбольш глядзіць навіны пра пасьпяховыя апэрацыі Сілаў абароны Ўкраіны, пра ўкраінскія ўдары па расейскіх НПЗ, пра магчымыя мірныя перамовы, а таксама пра заявы прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцыя USAGM прыпыніла вяшчаньне некалькіх спадарожнікавых праграмаў «Настоящего времени»