Сайт «Вясны» 30 верасьня напісаў пра Генрыха Агеева зь Берасьцейшчыны, якога нібыта ў лютым 2024 году расейцы затрымалі ў Крыме, а ў верасьні таго ж году экстрадавалі ў Беларусь на суд. Гэтыя зьвесткі пра Агеева пададзеныя са словаў чалавека, які сьцьвярджае, што сядзеў з Генрыхам Агеевым у СІЗА КДБ у адной камэры.
Па вызваленьні суразмоўца «Вясны» расказаў пра тое, што адбывалася з Агеевым у сімферопальскім СІЗА і на этапе ў Беларусь, у тым ліку пра зьдзекі, катаваньні і нават тое, што падчас этапаваньня з Крыму беларусу не дазвалялі карыстацца прыбіральняй. Імя былога сукамэрніка Агеева на сайце «Вясны» не называецца.
Свабода ня можа апэратыўна пацьвердзіць праўдзівасьць гэтай гісторыі.
Хто такі Генрых Агееў
Паводле зьвестак праваабаронцаў, Генрыху Агееву 31 год, ён родам зь Берасьцейшыны, у 2016 годзе скончыў Вайсковую акадэмію Рэспублікі Беларусь.
«Чатыры гады працаваў ва ўнутраных войсках Беларусі, а ў жніўні 2020 году звольніўся», — паведаміла «Вясна». У сьпісе палітвязьняў, які складаюць праваабаронцы, Генрыха Агеева няма.
Пра тое, як у 2024 годзе Агееў апынуўся ў Крыме, у публікацыі сказана няпэўна. Далейшая інфармацыя сукамэрніка пра Генрыха Агеева тычыцца падзей, якія адбыліся зь ім па затрыманьні.
«Паводле вэрсіі абвінавачваньня, ён нібыта ездзіў на заданьне былога супрацоўніка ГУБАЗіК, а цяпер прадстаўніка ініцыятывы ByPol Аляксандра Азарава. Каля сямі месяцаў яго ўтрымлівалі ў СІЗА ФСБ разам з украінскімі ваеннапалоннымі, дзе яго зьбівалі ды катавалі. Увесь гэты час пра месца, дзе знаходзіцца мужчына, было невядома. У верасьні 2024 году Агеева перадалі беларускім спэцслужбам, але пра яго праваабаронцам стала вядома толькі цяпер. У Беларусі яго абвінавачваюць паводле некалькіх цяжкіх артыкулаў, у тым ліку — „здрада дзяржаве“ і „ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі“», — напісала «Вясна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азараў заявіў пра закрыцьцё пляну «Перамога»Што гаворыць Азараў
Свабода зьвянулася па камэнтар да былога супрацоўніка ГУБАЗіКа Аляксандра Азарава, пра якога сказана, што ён нібыта даваў заданьні Генрыху Агееву. Азараў гэтыя зьвесткі рашуча зьняпраўдзіў, пра што напісаў таксама і на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
«Я, Аляксандар Азараў, адказна заяўляю, што ніколі не адпраўляў ні Генрыха Агеева, ні каго-небудзь іншага за межы Рэспублікі Беларусь для выкананьня якіх-небудзь заданьняў», — напісаў Азараў.
Паводле Азарава, Генрыха Агеева ён ня ведае. Ягонага сукамэрніка, які расказаў пра Агеева, таксама.
У фэйсбуку Аляксандар Азараў таксама выказаўся пра асобу, якая ад імя ByPol зьвязваецца з актывістамі адносна дзейнасьці арганізацыі.
«Пры гэтым ByPol і я асабіста неаднаразова атрымлівалі інфармацыю ад актывістаў аб тым, што, выкарыстоўваючы розныя псэўданімы, зь імі зьвязваліся першапачаткова ад імя арганізацыі ByPol, а пасьля ад імя работніка Каардынацыйнай Рады, для выкананьня розных заданьняў за межамі Рэспублікі Беларусь. Нам вядомая асоба гэтага чалавека і ўсе мянушкі, якімі ён карыстаецца. Мы ведаем таксама псыхалягічны партрэт гэтай асобы: гэта беспрынцыповы і амаральны чалавек, маніпулятар, які кіруецца толькі асабістай выгадай, цалкам ігнаруючы чужую бясьпеку і прававыя нормы. Ён выдае сябе за спэцыяліста, хаця насамрэч такім ня ёсьць. Усё, на што ён здольны, гэта падстаўляць іншых, спрабуючы заставацца „на плыву“», — заявіў Азараў.
Імя чалавека, пра якога ён напісаў, Аляксандар Азараў карэспандэнту Свабоды не паведаміў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супрацоўніцы Акрэсьціна мараць стаць палітычнымі ў Польшчы». Паплечнік Статкевіча Сяргей Спарыш пра жыцьцё за кратамі і ўзровень рэпрэсіяў«Яго вывезлі зь мяшком на галаве і прывязанага да крэсла»
Паводле праваабаронцаў «Вясны», якія пагаварылі з былым сукамэрнікам Агеева, зь лютага па верасень 2024 году яго ўтрымлівалі ў СІЗА Сімферопалю, па затрыманьні вельмі моцна зьбілі. Два разы праходзіў паліграф, а пасьля таго, як у першы раз яго не прайшоў, Генрыха вывезьлі ў нейкую катавальню зь мяшком на галаве і прывязанага да крэсла.
У верасьні 2024 году расейцы вывезьлі Генрыха Агеева ў Беларусь таксама нібыта зь мяшком на галаве і без дакумэнтаў. Цяпер яго абвінавачваюць адразу паводле некалькіх артыкулаў, у тым ліку «здрада дзяржаве» (арт. 356 КК) і «ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі» (арт. 290-5 КК).
Ці ўжо адбыўся суд над Агеевым, праваабаронцам невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я дагэтуль ня ведаю, што я рабіла, каб захапіць уладу». Гутарка з «тэрарысткай» са «справы Аўтуховіча», якой прысудзілі 20 гадоў