Прадстаўніца Міжнароднага гуманітарнага фонду патлумачыла, чаму зь яго выключылі BуSol

Бэрыт Ліндэман, архіўнае фота

На другім Кангрэсе ў справе палітычных зьняволеных Беларусі, які праходзіць у Варшаве, кіраўніца Нарвэскага Хэльсынскага камітэту і сябра рады Міжнароднага гуманітарнага фонду (МГФ) Бэрыт Ліндэман патлумачыла, чаму з МГФ днямі выключылі фонд салідарнасьці BySol.

«Паслухайце, рассылаць інтымныя фота 12 дзяўчатам — гэта непрымальна, — цытуе „Люстэрка“ выказваньні Ліндэман аб дзеяньнях сузаснавальніка BySol Андрэя Стрыжака. — Мы б хацелі, каб BySol як арганізацыя справіўся з гэтай сытуацыяй лепш. Мы былі гатовыя, каб BySol працягнуў працу ў Фондзе, але без Андрэя Стрыжака на кіраўнічых пасадах. Яны спрабавалі гэта зрабіць спачатку, але Стрыжак не пагадзіўся, і ў выніку ўсё скончылася так, як скончылася. Мне вельмі шкада, у іх былі валянтэры і актывісты, якія рабілі выдатную працу, але вось так выйшла».

24 верасьня BySol абвясьціў, што Андрэй Стрыжак застаецца ў фондзе на шасьцімесячны выпрабавальны тэрмін у якасьці кансультанта, але адхілены ад усіх кіраўнічых, прадстаўнічых і ўстаноўчых функцыяў. Пасьля гэтага рашэньня тры чалавекі пакінулі каманду BySol. 26 верасьня стала вядома, што BySol быў аднагалосна выключаны з складу МГФ.

Ліндэман таксама выказалася пра ранейшае рашэньне МГФ спыніць супрацу зь іншай іныцыятывай, якая дапамагае рэпрэсаваным беларусам, — ByHelp. Яна казала, што праца ва ўмовах рэпрэсіяў стварае пастаянны канфлікт паміж неабходнасьцю захоўваць бясьпеку і патрэбай фінансавага кантролю.

«Усе вы ведаеце, што з ByHelp усё пайшло ня так гладка. Было вельмі крыўдна бачыць, што ў іх дакумэнтацыя была не ў парадку, і мы не маглі працягваць іх фінансаваць. Адной з прычын, чаму ім не дазволілі працягваць працу ў рамках Фонду, была наша незадаволенасьць іхнымі мерамі бясьпекі», — патлумачыла яна.

Раней стала вядома, што ў жніўні 2024 году сілавікі ў Беларусі атрымалі доступ да пэўнай інфармацыі з базы ByHelp, што магло прывесьці да затрыманьняў. Пасьля гэтага Нарвэскі Хэльсынскі камітэт правёў праверку, якая выявіла праблемы з дакумэнтацыяй, фінансавай справаздачнасьцю і пратаколамі бясьпекі ў ByHelp. У ліпені 2025 году ініцыятыва аб’явіла аб выхадзе з МГФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BySol выключылі з Міжнароднага гуманітарнага фонду праз працяг супрацы са Стрыжаком. Што будзе з выплатамі экс-палітвязьням?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Чаго хоча Пуцін ад Лукашэнкі, а Сяргей Ціханоўскі ад Сьвятланы?