Фінансуе пастаўкі беларускіх тралейбусаў у прыфрантавы ўкраінскі горад Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця.
Выйграны тэндэр
Супольнае беларуска-украінскае прадпрыемства «БКМ-Україна», якое зьяўляецца афіцыйным дылерам менскага холдынгу «Белкамунмаш», выйграла тэндэр на пастаўку ў Марыюпаль 72 тралейбусаў за 13,3 мільёна эўра.
Тэндэр праводзіўся Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця ў межах крэдытнай праграмы, зацьверджанай украінскім ўрадам на абнаўленьне муніцыпальнага электрычнага транспарту.
Агульны памер крэдыту складае 350 мільёнаў эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь едзе ва Ўкраіну не на танках, а на тралейбусах
Дзявяты горад Украіны
Марыюпаль стаў дзевятым горадам, які скарыстаўся фінансавымі магчымасьцямі ЭБРР для абнаўленьня тралебуйснага парку. Дагэтуль у горадзе па 12 маршрутах курсавалі 46 тралейбусаў.
Цягам 2016–2018 гадоў Беларусь паставіла ва Ўкраіну 120 тралейбусаў — яны ўжо курсуюць па вуліцах Адэсы, Дніпра, Краматорску, Хмяльніцкага, Роўна, Сумаў і Івана-Франкоўску.
Беларуска-украінскае прадпрыемства «БКМ-Україна» заяўляла аб намеры цягам 2019 году ўзяць удзел яшчэ ў некалькіх аналягічных тэндэрах — у Крэменчуку, Крывым Розе, Жытоміры, Палтаве, Луцку, Херсоне і Мікалаеве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менсктранс» за наступныя тры гады плянуе закупіць больш тралейбусаў, чым мае цяпер
Украінскія магчымасьці для беларускіх кампаній
Напярэдадні ў Марыюпалі адбыўся вялікі інвэстыцыйны форум, на якім урад Украіны падпісаў яшчэ адзін мэмарандум з Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця — аб выдзяленьні крэдыту памерам 300 мільёнаў эўра на фінансаваньне рамонту і будаўніцтва рэгіянальных аўтамабільных магістраляў.
Згодна з дакумэнтам, крэдытныя сродкі будуць выдаткоўвацца пад гарантыі мясцовых уладаў. Прадугледжваецца, што першы такі праект будзе рэалізаваны ў Херсонскай вобласьці.
- Ад 2017 году ва ўкраінскіх тэндэрах на рамонт і будаўніцтва дарог актыўна ўдзельнічаюць два беларускія прадпрыемствы — дарожна-будаўнічы трэст № 4 Берасьця і дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля.
- Летась гомельскія аўтадарожнікі трапілі ў лік фіналістаў міжнароднага тэндэру на капітальны рамонт аўтамабільнай дарогі М-01 (Новыя Ярылавічы — Чарнігаў — Кіеў) у межах Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей, які фінансаваўся Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця і Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам.