Кіроўца загінуў. Ад аскепкаў, што разьляцеліся ад падараванага аўтамабіля, пацярпелі двое пешаходаў, але іхнаму жыцьцю нічога не пагражае.
На месцы здарэньня працуюць сьледча-апэратыўныя групы, экспэрты-крыміналісты, выбухатэхнікі, лекары «хуткай» і ратавальнікі, якія вызначаюць прычыны і абставіны выбуху.
Як паведамілі Радыё Свабода ў Кіеўскім упраўленьні Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, паводле першых высноваў — у аўтамабіль была закладзеная выбухоўка. Сьледчыя адкрылі крымінальную справу паводле артыкулу 258 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — тэрарыстычны акт.
Супрацоўнікі паліцыі сьцьвярджаюць, што асоба загінулага ўстаноўлена, але прозьвішча не называюць. «Яму было 36 гадоў, ён вайсковец», — паведаміў сьпікер Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка.
Украінскія СМІ паведамляюць, што загінуў Максім Шапавал, які кіраваў спэцназам Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны.
Гэтае здарэньне нагадвае мінулагодняе, у часе якога загінуў журналіст Павал Шарамет. Аўтамабіль, якім ён кіраваў, таксама выбухнуў у часе руху.
За апошнія чатыры дні ў Кіеве адбылося тры выпадкі падрыву аўтамабіляў.