Украіна cёлета накіравала на лячэньне ў Беларусь больш за 70 чалавек

Украіна не вяла перамоваў зь Беларусьсю пра мэдычную дапамогу ўдзельнікам баявых дзеяньняў на Данбасе, але яны могуць накіроўвацца ў беларускія мэдычныя ўстановы, калі будуць выяўленыя захворваньні, якія ня лекуюцца ва Ўкраіне.

У адказе на адпаведны запыт Радыё Свабода ўпраўленьне аховы здароўя і рэабілітацыі Міністэрства ўнутраных справаў Украіны паведаміла, што ня мае інфармацыі пра лячэньне і рэабілітацыю супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і жаўнераў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны ў мэдычных установах Беларусі.

«Нарматыўна-прававымі актамі Ўкраіны не прадугледжаная дыфэрэнцыяцыя хворых, бо лячэньне за мяжой вызначанае як выключны захад для грамадзянаў, захворваньні якіх ня лекуюцца ва Ўкраіне, незалежна ад узросту, полу, сацыяльнага паходжаньня, маёмаснага становішча, месца жыхарства і гэтак далей», — паведамілі Радыё Свабода ў Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны.

Пры гэтым рашэньне пра накіраваньне ўдзельнікаў баявых дзеяньняў на Данбасе будзе прымацца на падставе чарговасьці паступленьня і рэгістрацыі іхных дакумэнтаў. «На ўліку хворых, якія маюць патрэбу ў лячэньні за мяжой, знаходзяцца пацыенты, захворваньні якіх ня лекуюцца ва Ўкраіне, адпаведна стан большасьці іх — цяжкі і выклікае занепакоенасьць», — адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны.

Пераважна гаворка ідзе пра людзей, якія маюць патрэбу ў трансплянтацыі органаў (сэрца, сэрца-лёгкіх, пячонкі, ныркі) або касьцявога мозгу. «Частка хворых — гэта дзеці. Але камісія ня можа прымаць рашэньні аб зьмене парадку чарговасьці адправы пацыентаў лекавацца за мяжу», — падкрэсьліваюць мэдыкі.

Паводле Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны, у 2016 годзе за сродкі, прадугледжаныя адпаведнай бюджэтнай праграмай, на лячэньне ў Беларусь накіраваны 71 грамадзянін Украіны. «Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны ажыцьцяўляе выдаткі, зьвязаныя з накіраваньнем хворых на лячэньне за мяжу, якія ўключаюць кошт лячэньня і праезд хворага ды суправаджальніка», — паведамілі ў міністэрстве.