Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч.
Паводле рашэньня судзьдзі Шклоўскага райсуда там ён павінен знаходзіцца да канца зьняволеньня — 1 год, 7 месяцаў і 15 дзён.
«Узмацненьне ціску на палітвязьняў невыпадковае, дэманстратыўнае, яно тычыцца кожнага з хлопцаў, якія знаходзяцца за кратамі. Яно наўпрост зьвязанае з паляпшэньнем адносінаў, зь невядома на чым заснаванымі чаканьнямі ЭЗ на перамены. Мікола апошні з кандыдатаў у прэзыдэнты на мінулых выбарах, які застаецца за кратамі. Яго пазыцыя, яго нязломнасьць ня могуць не выклікаць там пэўнай рэакцыі, — сказала Марына Адамовіч. — Мікола патрапіць на строгі рэжым. Найменш на паўгода ён будзе мець абсалютны мінімум выгодаў. Гэта адна базавая велічыня на атаварку, адна гадзіна прагулкі ў дзень, адна бандэролька на год і адно кароткае спатканьне. У трохдзённы тэрмін адміністрацыя турмы павінна прыслаць мне абвестку, што ён прыбыў і на што ён будзе мець права».
4 траўня на пасяджэньні суду ў шклоўскай папраўчай калёніі № 17, дзе ўтрымліваўся Мікалай Статкевіч, прынятае рашэньне аб пераводзе яго на турэмны рэжым да канца тэрміну пакараньня (1 год, 7 месяцаў і 15 дзён). Палітвязьня абвінавацілі ў парушэньні правілаў унутранага распарадку і непадпарадкаваньні патрабаваньням кіраўніцтва калёніі.
Прысуд былому кандыдату ў прэзыдэнты вынесьлі ў дзень, калі Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком МЗС Аўстрыі Сэбастыянам Курцам.
Эўразьвяз расцаніў як вартае шкадаваньня рашэньне суду аб пераводзе экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі палітвязьня Міколы Статкевіча з папраўчай калёніі ў турму.