Бабуля Ўладзіслава Грудзьева: «Пакуль у нас усё спынена»

Андрэй Забабура

Пацярпелыя па справе менскага школьніка Ўладзіслава Грудзьева, які загінуў пад коламі аўтамабіля «Паршэ Каен» у лістападзе 2012 году, адклікалі свае пазовы да асуджанага кіроўцы Андрэя Забабуры.
Гэта пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды бабуля хлопчыка, які загінуў, — спадарыня Ала:

«Пакуль адклікалі. А што далей будзе? Пакуль у нас усё спынена».

У мэдыях паведамлялася, што маці Ўладзіслава патрабавала з Андрэя Забабуры 200 млн рублёў, бабуля — 150 млн, дзядуля — 100 млн рублёў. Пасьля трагедыі Забабура ўжо перадаў маці 200 млн рублёў.

Спадарыня Ала ня стала камэнтаваць гэтую інфармацыю і прычыну адкліканьня пазоваў:

«Гэта наша таямніца душэўная. Гэта ўсё, што можам вам сказаць. У мяне на гэта — маўчаньне».

Ці прызнаў сваю віну кіроўца «Паршэ Каен» Андрэй Забабура?

«Ён віну сваю прызнаў. І мы далей думаем. Нашы душы пакуль супакоіліся, пакуль маем права цягам дзесяці дзён думаць і будзем далей глядзець. Ён жа падаў касацыю з прызнаньнем віны. І пасьля касацыі будзем думаць. Калі ён падаваў касацыю, ён не прызнаваў сваю віну. А пасьля, перад судом, ён прызнаў сваю віну», — сказала спадарыня Ала.

Спадарыня Ала сказала. што страта ўнука — гэта гора, ад якога з кожным днём не становіцца лягчэй:

«Мы яшчэ гэтага не перажылі. Гэта будзе перажывацца дзесяцігодзьдзямі, якія будуць складацца дзесяць за дзесяць. Усё жыцьцё. Гэта застанецца назаўсёды».

Адвакаты кіроўцы і пацярпелых ніякай інфармацыі па справе не даюць, спасылаючыся на тое, што няма дазволу ад іхніх кліентаў.

Кіроўца аўтамабіля «Паршэ Каен» Андрэй Забабура 13 лістапада мінулага году наехаў каля менскай школы № 23 на трэцяклясьніка Ўладзіслава Грудзьева. 15 лютага суд Фрунзенскага раёну прысудзіў яму чатыры гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні. 38-гадовы дырэктар фірмы прызнаны вінаватым паводле ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэксу (парушэньне правілаў дарожнага руху, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека). 29 сакавіка калегія Менскага гарадзкога суду не задаволіла скаргу абароны Андрэя Забабуры на вынесены прысуд.