Людвіг Рамэстам, сузаснавальнік дабрачыннай арганізацыі Operation Change, якая ад пачатку вайны дапамагае Ўкраіне, кажа, што не адразу зразумеў, чаму ў яго пачалі замаўляць усё больш старых рыбалоўных сетак, якія плятуць у яго роднай Швэцыі.
Неўзабаве Рамэстам даведаўся, што рыбалоўныя сеткі выкарыстоўваюць для барацьбы з FPV-дронамі. З тых часоў, паводле яго слоў, патрэбу Ўкраіны ў іх можна вызначыць як «бясконцую», бо вайна пераўтварылася ў канфлікт, які пераважна вядзецца з паветра з дапамогай бесьпілётнікаў. Разам са сваімі партнэрамі арганізацыя Operation Change даставіла ва Ўкраіну ўжо каля 400 тон рыбалоўных сетак.
Вострая патрэба ў рыбалоўных сетках паўстала ва Ўкраіне акурат тады, калі ў швэдзкіх рыбакоў пачаліся цяжкія часы. Рыбная прамысловасьць зьменшылася праз узмацненьне Эўразьвязам экалягічных нормаў. У 2021 годзе ў Балтыйскім моры забаранілі лавіць траску. У выніку рыбалоўныя сеткі сталі не патрэбнымі для працы. Пры гэтым рыбакі звычайна вельмі цэняць свае сеткі, а часам нават перадаюць іх у спадчыну.
Але магчымасьць выкарыстаць сеткі для дапамогі ўкраінцам — справы, у якую швэды вераць, — пераканала многіх рыбакоў не трымаць іх для памяці, а даць ім новае жыцьцё.
«У Швэцыі даволі шырока падтрымліваюць Украіну, — кажа Рамэстам. — Таму многія рыбакі радыя перадаць [сеткі] на фронт, — вы нават ня можаце сабе ўявіць, наколькі. Гэта дае магчымасьць людзям адчуць, што яны зьяўляюцца часткай абароны».
Такія настроі яшчэ мацнейшыя на Аляндзкіх астравах, якія належаць Фінлядныі — краіне, якая супраціўлялася ўварваньню Савецкага Саюзу ў 1939–1940 гадах.
Міні Рэглянд, валянтэрка Operation Change, дапамагае зьбіраць рыбалоўныя сеткі для Ўкраіны на Аляндзкіх астравах. Яна прыгадала словы 70-гадовай жанчыны, якая апавяла ёй пра страх, што панаваў у Фінляндыі пасьля савецкага ўварваньня 1939 году.
«Яна расказала мне, што, калі ёй было сем ці восем гадоў, ейная настаўніца прыйшла ў школу і абвясьціла: „Расейцы ідуць!“. Было шмат чутак, многіх ахапіла паніка. Яе бацька ў гэты час быў у моры», — кажа Міні Рэглянд.
Валянтэрка расказвае, што тая жанчына расчулілася, згадаўшы, як бацька вучыў яе правільна карыстацца сеткамі:
«І хоць яна не працягнула сямейнай традыцыі і не займалася рыбалоўствам, яна не расставалася зь сеткамі бацькі. А цяпер яна падумала, што ён быў бы шчасьлівы, калі б даведаўся, для чаго гэтыя сеткі паслужаць».
Ва Ўкраіне сеткі сталіся адным з найважнейшых элемэнтаў абароны ад атак бесьпілётнікаў.
Антыдронавыя сеткі «зараз усталёўваюцца паўсюль на дарогах Данецкай вобласьці», — расказала Радыё Свабода Ірына Рыбакова — прэс-аташэ 93-й асобнай мэханізаванай брыгады Ўзброеных сіл Украіны.
Паводле яе слоў, «сетка ня ёсьць панацэяй, а толькі адным з элемэнтаў абароны ад дронаў, які не абавязкова спрацуе. Ёсьць шмат прыкладаў, калі бесьпілётнік залятаў у дзірку ў сетцы і чакаў машыну. Нашы пілёты дронаў робяць тое самае», — кажа Рыбакова.
Паколькі нэйлёнавыя сеткі ўразьлівыя для агню, Рыбакова адзначае, што ідэальным матэрыялам была б сетка Рабіца, але «відавочна, што яе дорага і складана ўсталёўваць».
Паводле яе слоў, паездка на перадавую цяпер патрабуе выкарыстаньня розных спосабаў абароны ад дронаў. Войскі хутка перамяшчаюцца, уключаюць магутныя прылады радыёэлектроннай барацьбы і маюць некалькі карэктавальнікаў са зброяй.
«У дадатак да кулямётаў у нас ёсьць драбавікі, а таксама невялікія сеткамёты, якія назвалі «Пташка». Салдаты кажуць пра іх як пра «апошні шанец».
Рамэстам кажа, што сеткі швэдзкіх рыбакоў выратавалі мноства жыцьцяў ва Ўкраіне:
«Была адна машына, на якую ўсталявалі рыбалоўныя сеткі, перададзеныя жыхарамі Швэцыі, і ўсяго праз пару дзён яна зазнала атаку [расейскага бесьпілётніка]», — расказаў Рамэстам Радыё Свабода.
«Сетка была нацягнутая прыкладна за мэтар ад машыны на мэталічныя пруты: такім чынам узьдзеяньне выбуху было значна меншым, і людзі выжылі.
У лісьце падзякі яны падкрэсьлілі, што рыбалоўныя сеткі выратавалі ім жыцьцё».