Арганізаванае перавязеньне выбарнікаў забаронена законам і кваліфікуецца як спроба незаконнага ўплыву на выбарчы працэс, заяўляе паліцыя Малдовы на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. У сувязі з гэтым пачалі праверку.
Паліцыя публікуе відэа з аўтобуса, дзе грае музыка і людзі наліваюць нешта ў кубачкі.
Беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА піша, што ў Расеі працуюць толькі два ўчасткі для галасаваньня на выбарах у малдоўскі парлямэнт. Яны ў Маскве і не спраўляюцца з колькасьцю грамадзян Малдовы, якія хочуць прагаласаваць. Паводле БелТА, менавіта таму прадстаўнікі малдаўскай дыяспары прыяжджаюць у Менск, дзе прагаласаваць можна на ўчастку, адкрытым у пасольстве Малдовы ў Беларусі.
У выбарах удзельнічаюць 14 палітычных партыяў, чатыры выбарчыя блокі і чатыры незалежныя кандыдаты. Асноўная барацьба, паводле прагнозаў, будзе паміж кіроўнай праэўрапейскай партыяй «Дзеяньне і салідарнасьць» (PAS) і прарасейскім Патрыятычным блёкам, у які ўваходзяць сацыялісты, камуністы, партыя «Сэрца Малдовы» і партыя «Будучыня Малдовы».
Парлямэнцкія выбары 28 верасьня разглядаюцца як ключавы момант для будучыні Малдовы, якая кандыдуе на ўступленьне ў Эўразьвяз. Партыя PAS, якую заснавала Санду, мае парлямэнцкую большасьць з 2021 году. Аднак, паводле апытаньняў, PAS можа страціць перавагу. Неабходнасьць фармаваць кааліцыйны ўрад ускладніць дасягненьне мэты PAS — інтэграцыі Малдовы ў ЭЗ да 2030 году, адзначаюць аналітыкі.
Напярэдадні выбараў Мая Санду зьвярнулася да грамадзян з заклікам падтрымаць праэўрапейскія сілы, падкрэсьліўшы, што Расея ўкладвае значныя сродкі, каб прывесьці да ўлады сваіх прыхільнікаў. Паводле яе, Масква траціць «сотні мільёнаў даляраў», спрабуючы купіць галасы малдоўскіх выбарнікаў. Санду таксама заявіла, што ў разе перамогі прарасейскіх сілаў Малдова рызыкуе быць адарванай ад Эўропы і стаць пляцдармам расейскіх ваенных апэрацыяў у Адэскай вобласьці Ўкраіны.
Расея, у сваю чаргу, заяўляе, што ня ўмешваецца ўва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў.