Беларусы супраць каранавірусу. Галерэя «Ў» стала складам гуманітарнай дапамогі мэдыкам
Беларусы працягваюць змагацца з каранавірусам сваімі сіламі і дапамагаць у гэтым мэдыкам. Мы ўжо пісалі пра добрыя ініцыятывы, але кожны дзень зьяўляюцца новыя. Новы агляд карысных ініцыятыў, а таксама, як ім можна дапамагчы\далучыцца.
Сьцісла:
- Збор сродкаў на маскі, антысэптыкі для рук і памяткі пра каранавірус. Усё гэта валянтэры плянуюць раздаваць на вуліцах у Менску і іншых гарадоў.
- Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» закрылася на карантын, а сваё памяшканьне аддала валянтэрам, каб разьмяркоўваць там сабраную дапамогу. Падтрымаць саму галерэю можна тут.
- Кампанія дапамогі мэдыкам #ByCovid19: ім можна перадаць прадукты ля лекараў у шпіталі (сьпіс тут) і сродкі індывідуальнай дапамогі і мэдыцынскія апараты (сьпіс тут).
- Ужо некалькі кавярняў гатуюць абеды для мэдыкаў. Цяпер да іх падключыўся рэстаран WOOGLY (спасылка на кампанію) і магілёўская кавярня «Мяса&Лаваш» (тут збор сродкаў).
Ад 600 да 5000 рублёў паабяцалі беларускім мэдыкам, якія захварэюць на COVID-19
Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі стварыла фонд дапамогі мэдыкам і паабяцала пералічваць грошы працаўнікам мэдычнай галіны, якія заразіліся новым каранавірусам. Матэрыяльную дапамогу мэдработнікам абяцаюць даваць па прадстаўленьні ліста непрацаздольнасьці (бальнічнага). Выплочваць абяцаюць ад 600 да 5000 рублёў «у залежнасьці ад цяжкасьці захворваньня». Падрабязнасьці тут>>
Беларускі музычны тэатар на месяц спыніў паказ спэктакляў
Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатар спыніў паказ спэктакляў з 11 красавіка па 10 траўня. Каб вярнуць грошы, квіткі на адмененыя спэктаклі можна здаць у касу тэатра не пазьней за дату спэктакля. Альбо можна захаваць квіток і наведаць іншыя пастаноўкі пазьней, папярэдне зьвязаўшыся з тэатрам па тэлефоне ці электроннай почте.
У Менску прыпынілі працу яшчэ два кінатэатры. Распараджэньня ўладаў так і не было, некаторыя працягваюць працу
Прыватная кінасетка Silver Screen ад 9 красавіка закрывае залі ў менскіх гандлёвых цэнтрах Arena City і Galileo, а ў Dana Mall запускае паслугу «асабістага кінатэатру» для індывідуальнага карыстаньня залямі, піша Tut.by. Прадстаўніца сеткі расказала, што ніякіх рэкамэндацыяў ад гарадзкіх уладаў так і не атрымала, акрамя парадаў кшталту трымаць дыстанцыю між гледачамі.
Раней працу прыпынілі некаторыя прыватныя і дзяржаўныя кінатэатры. Але працягваюць працаваць такія кінатэатры, як «Беларусь», «Аўрора», «Мір», Falcon Club і іншыя.
У рэкамэндацыях, што раней рассылалі беларускія ведамствы, было закрыцьцё дыскатэкаў, начных клюбаў, кальянных, боўлінгаў і більярдаў, кампутарных клюбаў — але не кінатэатраў.
Яшчэ ў адным дзіцячым садку ў Менску пацьвердзілі каранавірус. Правераць усіх дзяцей
У настаўніцы зь дзіцячага садка № 434 у Менску пацьвердзілі каранавірус. Усіх дзяцей адправілі дахаты, ім зробяць мазкі. Пра гэта Свабодзе паведамілі бацькі, чыё дзіця ходзіць у гэты садок.
COVID-19 пацьвердзілі не ў выхавацелькі групы, а ў настаўніцы, якая штодня займалася зь дзецьмі ўсіх груп. «Нам сказалі, што хутчэй за ўсё заўтра дахаты прыедуць лекары і возьмуць мазкі на каранавірус. Бо нашыя дзеці цяпер — кантакты першага ўзроўню», — сказаў бацька аднаго зь дзяцей. Падрабязнасьці тут >>
«Дырэктарам школ падключыцца да ZООМ праблема!» Ці рэальна ў школах Беларусі ўвесьці дыстанцыйнае навучаньне?
Вакацыі ў Беларусі працягнулі да 13 красавіка. Карантын у краіне афіцыйна ня ўведзены. Але і настаўнікі, і чыноўнікі разумеюць, што вялікую колькасьць дзяцей бацькі проста ня пусьцяць у школу. Мінадукацыі дагэтуль ня вызначылася, як дзеці будуць вучыцца далей. Свабода выслухала розныя, шмат у чым процілеглыя меркаваньні аб тым, што рабіць у гэтай сытуацыі: чыноўніцы, стваральніка праекту «Інфаўрок», дырэктара цэнтру «Фабрыка ведаў». Чытайце па спасылцы >>
Музычная паўза. Дырэктар радыё «Сталіца» пра тое, як разгрузіў сваіх супрацоўнікаў на час пандэміі
Раней у родзічаў аднаго з супрацоўнікаў «Сталіцы» быў пацьверджаны станоўчы тэст на каранавірус, але сам ён не заразіўся. Гэта таксама стала падставай, каб адкарэктаваць графік. Дырэктар менскай радыёстанцыі «Сталіца» Алег Міхалевіч расказаў Свабодзе, што супрацоўнікоў рэдакцыі перавялі ў фармат найменшай загружанасьці. Як гэта зрабілі, чытайце тут>>
«Стамілася баяцца». Хто робіць добрыя справы падчас пандэміі
Многія беларусы становяцца валянтэрамі падчас пандэміі і любымі магчымымі спосабамі спрабуюць дапамагчы дактарам і ўразьлівым групам. Хтосьці шые маскі і ахоўныя касьцюмы, хтосьці дапамагае грашыма, іншыя зьвязваюць тых, хто хоча дапамагчы, з тымі, каму гэта неабходна. Пра новыя добрыя ініцыятывы беларусаў чытайце тут>>
Рэктар баранавіцкага ВНУ адмаўляе выяўленьне каранавірусу ва ўнівэрсытэце
Паводле крыніцы з Баранавіч, на COVID-19 нібыта захварэла выкладчыца Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а таксама яе муж і сын, і з гэтай прычыны частку студэнтаў ВНУ перавялі на дыстанцыйнае навучаньне.
«У нас выкладчык не захварэў, гэтага няма. Унівэрсытэт працуе ў стабільным рэжыме, але частку студэнтаў сапраўды перавялі на дыстанцыйную форму навучаньня», — адказаў карэспандэнту Свабоды пазваніў рэктар БарДУ Васіль Качурка. Цалкам чытайце тут>>
Беларускім дальнабойнікам дазволілі праехаць аўгана-ўзбэцкую мяжу
Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане паведаміла БелТА, што беларускім кіроўцам-дальнабойнікам дазволілі праехаць пад канвоем па тэрыторыі краіны, каб вярнуцца на радзіму. Машыны, якія захрасьлі на мяжы з боку Аўганістану, ужо ўехалі ва Ўзбэкістан. Агулам едзе шэсьць беларускіх кіроўцаў, машыны якіх зарэгістраваныя ў Беларусі, Літве і Расеі (раней Tut.by пісаў, што дальнабойнікаў зь Беларусі там было дзевяць).
Праблема тычылася ня нейкай канкрэтнай кампаніі або грузу: дальнабойнікі расказвалі, што ва Ўзбэкістан не пускаюць і машыны зь іншых краінаў, і калі адны стаяць месяц, іншыя чакаюць аж з Новага году.
Міністэрства здароўя не забараняе велікодных службаў. Усе заявы Караніка пра каранавірус
Удзельнікі ўчорашняй нарады з Аляксандрам Лукашэнкам, у тым ліку міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік, зладзілі 8 красавіка брыфінг у Нацыянальным прэс-цэнтры. Асноўнае:
- У 15 будаўнікоў з Расеі, якія знаходзіліся на 14-дзённым карантыне перад пачаткам працы на БелАЭС, выявілі каранавірус. Яны не пачыналі працаваць, чакалі ў ізаляцыі.
- У Беларусі больш за 600 чалавек, якія мусілі быць у самаізаляцыі пасьля прыезду з-за мяжы, не знайшлі дома. Караць іх пакуль ня могуць, але ўжо «прапрацоўваецца пытаньне» пра адміністрацыйную адказнасьць за парушэньне самаізаляцыі.
- Агулам па краіне «невялікае перавышэньне» выпадкаў пнэўманіяў, але за тры месяцы бягучага году ад пнэўманіі памерлі толькі 254 чалавекі, калі за першы квартал мінулага — 277.
- Мінздароўя не паведамляе пра выпадкі COVID-19 з разьбіўкай па раёнах краіны, бо «гэта выклікае нездаровы інтарэс».
- Пра імунітэт ад COVID-19 у тых, хто ўжо перахварэў: адносна магчымасьці паўторнага заражэньня «дыскусіі ёсьць», пасьля слабых формаў хваробы тэарэтычна можа быць і паўторнае заражэньне. Але «імунітэт выпрацоўваецца, гэты факт ужо пацьверджаны, цяпер дыскусія ідзе толькі наконт яго трываласьці і тэрміну разьвіцьця».
- Таксама пад пытаньнем магчымая мутацыя вірусу — цалкам магчыма, што калі-небудзь зьявіцца штам, які імунная сыстэма прапусьціць, нягледзячы на імунітэт да SARS-CoV-2.
- У бліжэйшы час у Беларусі плянуюць паспрабаваць выкарыстоўваць супраць найбольш цяжкіх формаў каранавірусу ўзбагачаную антыцеламі плязму. Пакуль ў сьвеце ня вынайдзеныя адназначна дзейныя лекі супраць менавіта гэтага вірусу.
- Пра дэфіцыт масак і антысэптыкаў: у Беларусі лёгкая прамысловасьць перабудоўваецца, мае выйсьці на вытворчасьць мільёну масак на дзень, на наступным тыдні — два мільёны на дзень, у бліжэйшы час праблему вырашаць. Пачалі дадатковы выпуск антысэптычных сродкаў.
На Віцебшчыне для патэнцыйна хворых на каранавірус узводзяць палявы шпіталь
У Віцебскай вобласьці, каля Лепеля, вайскоўцы ўзводзяць палявы шпіталь для хворых на каранавірус на выпадак, калі эпідэмія выйдзе з-пад кантролю, паведамляе «Аршанскі рэгіянальны партал». Палявы шпіталь будзе ў вайсковых намётах, але з усімі неабходнымі камунікацыямі.
5 красавіка са шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, разьмешчанага ў Юрцаве Аршанскага раёну, выпісалі апошняга плянавага пацыента. Цяпер установу рыхтуюць для пацыентаў з каранавірусам на выпадак, калі іх стане зашмат. Сюды пры патрэбе будуць дастаўляць пацыентаў зь Віцебску і іншых гарадоў.
Каля 10 чалавек у самаізаляцыі пасьля кантакту з галоўным доктарам «Нафтану», у якога каранавірус
Пакуль афіцыйныя крыніцы пацьвярджаюць толькі адзін выпадак каранавірусу ў Наваполацку — захварэў галоўны лекар заводзкай паліклінікі «Нафтану» Сяргей Чубрык. Колькасьць ізаляваных, якія мелі кантакты з галоўным лекарам паліклінікі, не паведамляецца.
Вядома, што, акрамя кантактаў па працы, Чубрык браў удзел у «прамой лініі» аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці гораду. Пасьля гэтай «прамой лініі» самаізаляваўся старшыня Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітры Дзямідаў як кантакт першага ўзроўню. Паводле першага намесьніка старшыні гарвыканкаму, на той «прамой лініі» было ня больш за 10 чалавек, і ўсе яны таксама на самаізаляцыі. Падрабязнасьці тут >>
81% работнікаў ва ўсім сьвеце цярпіць ад крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19
Цяпер больш за чатыры зь пяці чалавек (81%) глябальнай рабочай сілы (3,3 мільярда работнікаў) цярпяць ад поўнага або частковага закрыцьця працоўных месцаў, гаворыцца ў новым дакладзе Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).
Пандэмічны крызіс, як чакае МАП, прывядзе да скарачэньня на 6,7% працоўнага часу ў другой палове 2020 году, што эквівалентнае 195 мільёнам штатных работнікаў. Значныя скарачэньні чакаюцца ў арабскіх краінах (на 8,1%, або пяць мільёнаў штатных работнікаў), Эўропе (7,8% або 12 мільёнаў работнікаў), Азіі і рэгіёне Ціхага акіяну (7,2%, 125 мільёнаў работнікаў). Усе высновы дакладу тут>>
Каранавірус: пракуратура Беларусі бярэ пад кантроль санітарную абстаноўку, МУС — махляроў
Органы пракуратуры вырашылі ўзяць на кантроль сытуацыю з дапамогай насельніцтву, забясьпечанасьцю мэдпрэпаратамі і абсталяваньнем. А ў МУС ізноў папярэджваюць, што пад выглядам мэдыкаў і прадстаўнікоў камунальных службаў могуць актывізавацца махляры, якія перасьледуюць зусім іншыя мэты. Цалкам чытайце тут >>
У райцэнтры на Гомельшчыне шпіталізавалі лекараў з каранавірусам
У райцэнтры Акцябрскім (Гомельская вобласьць) каранавірус выявілі ў мясцовых лекараў. Яны хворыя на пнэўманію са станоўчым тэстам на COVID-19. Сама меней двух мэдыкаў паклалі ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь. Адміністрацыю Акцябрскага раённага шпіталя цяпер правяраюць як кантактаў першага ўзроўню. У прыёмнай раённага шпіталя адказваюць, што галоўны лекар на бальнічным, як і ягоны намесьнік.
Таксама каранавірус выявілі ў Сьветлагорскім раёне. Цалкам чытайце тут >>
Міністэрства аховы здароўя Чэхіі: найгоршае прадухілілі, можам вяртацца да нармальнага жыцьця
Некантраляваны распаўсюд COVID-19 у Чэхіі спынены, і ўлады могуць пачынаць падрыхтоўку да паступовага вяртаньня да нармальнага жыцьця. Пра гэта ў сераду, 8 красавіка, заявіў міністар аховы здароўя Адам Войцех.
Паводле аналізу міністэрства, да канца красавіка колькасьць пацыентаў з каранавірусам у краіне дасягне 10600 чалавек. Пры гэтым два тыдні таму міністэрства
прагназавала лік у 14000 чалавек. Гэта азначае, што прынятыя меры далі эфэкт.
«Навіны пазытыўныя. Чэская Рэспубліка прадухіліла горшы сцэнар, які адбыўся, напрыклад, у Італіі, Гішпаніі ці ЗША. Нам удалося спыніць некантраляваны распаўсюд захворваньня і абараніць сваю сыстэму аховы здароўя ад перагрузкі. Цяпер мы можам рыхтавацца да паступовага вяртаньня да нармальнага жыцьця», — сказаў Войцех.
Паводле яго слоў, распрацоўка адпаведнага пляну ўжо пачалася. На думку міністра, хуткага вяртаньня да ранейшага жыцьця ня будзе. Насіць маскі і і захоўваць сацыяльную дыстанцыю ў два мэтры, давядзецца яшчэ некалькі тыдняў або і месяц.
«Мы не павінны дапусьціць, каб усё, чаго мы дамагліся за гэты час, адправілася ў сьметнік. Ня можам дапусьціць прыходу другой хвалі эпідэміі», — дадаў Войцех.
Карантын — найлепшы час для набыцьця новых навыкаў?
Больш як 70 % віетнамцаў і індыйцаў зьбіраюцца выкарыстаць час пандэміі каранавірусу для таго, каб авалодаць новымі навыкамі і прафэсійным майстэрствам. Сярод немцаў такіх 22 %. А вы?
25% ці 0,6%? Дзяржкантроль знайшоў маскі ў чвэрці аптэк Менску, мы праверылі
Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі праводзіў 6 красавіка маніторынг наяўнасьці ў аптэках Менску сродкаў індывідуальнай абароны, антысэптыкаў і парацэтамолу — леку для зьбіваньня высокай тэмпэратуры. Пошук у інтэрнэт-сэрвісах паказаў горшую карціну.
Як выявіў Дзяржкантроль пасьля абыходу 130 аптэк (у Менску іх агулам каля тысячы), на 6 красавіка:
- у 33 аптэках (25%) былі мэдыцынскія маскі або рэсьпіратары;
- у 25 аптэках (27%) былі антысэптыкі;
- у 15 аптэках (11%) быў парацэтамол.
Мы праверылі. У Беларусі ёсьць шэраг сэрвісаў, якія паказваюць наяўнасьць тавараў у аптэках практычна ў рэальным часе.
Так, сэрвіс 103.by мае зьвесткі з 3744 аптэк па краіне, 857 па Менску. Ён знаходзіць мэдыцынскія маскі па цане ад 22 капеек у 228 аптэках краіны (6% ад усіх у сэрвісе, цана ад 22 капеек) і 5 у Менску (менш за 0,6%, цана ад 1,3 рубля).
Аналягічны сэрвіс Tabletka.by ведае пра 3804 аптэкі ў Беларусі, 896 у Менску. Ён знаходзіць толькі ў 33 аптэках краіны — «аднаразовыя ахоўныя маскі для твару», у 32 — «мэдыцынскія маскі», у 8 аптэках — «аднаразовыя ватна-марлевыя маскі».
На момант публікацыі 103.by паказаў наяўнасьць парацэтамолу беларускай вытворчасьці па 10 таблетак 200 мг толькі ў 8 аптэках Менску (цана — 52–53 капейкі), па 20х200 — у адной (за 1 рубель), па 20х500 — у 14 (1,54–1,55 рубля). Украінскі парацэтамол у сыропе і сьвечках ёсьць у больш як сотні аптэк сталіцы.
Як менскі «Хакерспэйс» робіць ахоўныя шчыткі, маскі і камбінэзоны для мэдыкаў
Сваімі сіламі каманда «Хакерспэйсу» стварае за дзень да 300 абаронных сродкаў: шчыткі, маскі, камбінэзоны. Гэта неабыякавыя айцішнікі, які вырашылі дапамагаць мэдыкам падчас пандэміі. Свабода паглядзела, як уладкаваная вытворчасьць у іхняй «штаб-кватэры».
Цяпер да ініцыятывы можа далучыцца кожны ўладальнік 3D-прынтэра: усе зыходнікі для друку ёсьць у адкрытым доступе.
Мэдыкі і шпіталі, якім патрэбныя сродкі засьцярогі, могуць пакінуць заяўку тут.
Валянтэры могуць далучыцца да праекту тут.