Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

18:16 7.4.2020

У БДТУ гардэробшчыца захварэла на каранавірус, у шпіталь забралі цесьляра

У Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце пацьвердзілі, што на каранавірус захварэла супрацоўніца тэхнічнай службы, якая працуе гардэробшчыцай. Пасьля ў лякарню забралі цесьляра, правяралі дворнікаў, якія зь ёй кантактавалі, але мне невядома, ці яны захварэлі, распавёў Свабодзе прарэктар БДТУ Андрэй Гараноўскі. Паводле яго, гардэробшчыца працавала ў месцы, дзе быў мінімум кантактаў зь іншымі людзьмі. Цалкам чытайце тут >>

17:49 7.4.2020

Ці перастануць Беларусі даваць крэдыты ў эпоху пандэміі і да чаго гэта прывядзе? Разьбіраемся з экспэртамі

Усясьветная эканоміка цярпіць крызіс з прычыны пандэміі, а дзяржавы трацяць рэзэрвы на падтрыманьне сваёй эканомікі. Штогод Беларусь бярэ крэдыты ў іншых краін. 1,6 мільярда даляраў — столькі Беларусь пазычыла ў іншых краін у 2019 годзе. Але ці зможа пазычыць у 2020-м, калі краіны самі трацяць грошы на змаганьне з пандэміяй? І ці вытрымае беларуская эканоміка без замежнай падтрымкі? Разьбіраемся з экспэратамі >>

17:47 7.4.2020

«Садок працуе, а чаму не?» У менскім садку выхавацелька захварэла на каранавірус

Выхавацелька дзіцячага садка № 455 у Менску захварэла на каранавірус, — гэта пацьвердзілі Свабодзе ў раённым аддзеле адукацыі. У садку з карэспандэнтам Свабоды адмовіліся размаўляць, у аддзеле дашкольнага выхаваньня патлумачылі, чаму садок працуе і далей:

«Так, працуе, а чаму не? Хіба такі выпадак адзіны па краіне? Але ж нічога не перакрыта, усё працуе, і садок працуе. Праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы», — сказала Свабодзе супрацоўніца аддзелу дашкольнага выхаваньня Маскоўскай раённай управы адукацыі. Цалкам чытайце па спасылцы>>

17:45 7.4.2020

327 замест 3273. На футбол у Беларусі ходзіць у дзесяць разоў менш заўзятараў, чым летась

Беларускі футбольны чэмпіянат у вышэйшай лізе застаўся адзіным у Эўропе на дадзены момант і адным з трох у сьвеце. Акрамя Беларусі, афіцыйныя матчы па футболе цяпер праводзяцца толькі ў Бурундзі і ў Нікарагуа. Гэты факт ужо выклікаў рост цікавасьці ў сьвеце да беларускага футболу. У той жа час, нягледзячы на нежаданьне ўладаў уводзіць карантын і спыняць гульні, самі беларусы на футбол хадзіць амаль перасталі. Колькі беларускіх заўзятараў цяпер ходзяць на матчы, чытайце тут >>

17:43 7.4.2020

У Акцябрскім і Жлобінскім раёнах на Гомельшчыне выявілі COVID-19. Абласны шпіталь на карантыне

На тэрыторыі Акцябрскага раёну зарэгістравалі 2 выпадкі захворваньня на пнэўманію з папярэднім станоўчым тэстам на РНК каранавірусу. Хворых шпіталізавалі ў Гомельскую абласную інфэкцыйную клінічную бальніцу, паведамляе БелаПАН.

На тэрыторыі Жлобінскага раёну выявілі 1 выпадак захворваньня на пнэўманію з папярэднім станоўчым тэстам на каранавірус у жанчыны, якая вярнулася з аздараўленьня. Яна знаходзілася пад мэдычным наглядам як кантактная асоба другога ўзроўню, яе шпіталізавалі.

Па ўсіх выпадках захворваньня вызначылі кантактных асобаў першага (іх шпіталізавалі) і другога ўзроўняў.

17:39 7.4.2020

Дыскатэкі закрыць, маскі надзець, дыстанцыйная праца «па магчымасьці». Новыя антывірусныя захады ў Беларусі

Афіцыйна ў красавіку не абвяшчалася пра новыя захады супраць распаўсюду COVID-19 у Беларусі. Але на прадпрыемствы пачалі прыходзіць лісты з распараджэньнямі Мінздароўя і Менгарвыканкаму. Сьпіс усіх захадаў, якія патрабуюць Мінздароўе і Менгарвыканкам, чытайце тут>>

17:37 7.4.2020

«Чаму вы нічога ня кажаце?» Касьцёл патрабуе ад Мінздароўя адказаць, як арганізаваць бясьпеку вернікаў падчас каранавірусу

Каталіцкі касьцёл патрабуе ад Міністэрства аховы здароўя Беларусі адказаў на пытаньні пра арганізацыю бясьпекі вернікаў падчас пандэміі каранавірусу. «Я задаю пытаньне Міністэрству аховы здароўя: што мы павінны рабіць, чаму вы нічога ня кажаце? Я праз вас, праз мэдыя хачу спатканьня з кім-небудзь адказным, пачуць канкрэтныя адказы», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі 7 красавіка старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч. Цалкам чытайце тут >>

17:34 7.4.2020

Ініцыятарку студэнцкай забастоўкі і акцыі за ўвядзеньне карантыну «Ха-ха я тут памру» адлічылі з унівэрсытэту

У сакавіку дзяўчына актыўна заклікала студэнтаў да самаізаляцыі, хоць афіцыйнага карантыну адміністрацыя ўнівэрсытэту ня ўводзіла. «Адлічылі за пропускі», — кажа Ліза Пракопчык і тлумачыць, што зь юрыдычнага боку адлічэньне законнае, але сама яна лічыць яго палітычна матываваным.

«На факультэце ёсьць людзі, у якіх па 150 гадзін пропускаў у месяцаў, і іх не адлічаюць. У мяне за сакавік было 60–65 гадзін пропускаў, і мяне адлічылі», — кажа яна. Чытаць цалкам тут>>

17:32 7.4.2020

Колькі ў Беларусі памерла ад пнэўманіяў за тры месяцы? Лукашэнка: 254. Мінздароўя: 128

Ад пнэўманіі, заявіў Лукашэнка 7 красавіка, за студзень-сакавік 2020 году памерлі 254 чалавекі, калі ад анкалягічных захворваньняў каля 5000, ад хваробаў сыстэмы кровазвароту — каля 18 500. Адносна мінулага году колькасьць летальных выпадкаў ад пнэўманіяў зьменшылася на 9%.

Мінздароўя нядаўна называла існтотна меншыя лічбы: летась за гэты пэрыяд было 20 250 пнэўманіяў, пралекаваных у стацыянарах, ад якіх памерлі 153 чалавекі, а сёлета — 18 032 пралекавалі, 128 памерлі. Гэта значыць, сьмерцяў было менш на 16%. Цалкам чытайце тут>>

17:25 7.4.2020

У Джонсана няма пнэўманіі, ён не падключаны да ШВЛ – прэсавы сакратар

У прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана, шпіталізаванага з каранавіруснай інфэкцыяй, не дыягнаставаная пнэўманія і ён не падключаны да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Пра гэта днём у аўторак заявіў прэсавы сакратар Джонсана.

17:18 7.4.2020

У Беларусі пацьвердзілі 861 выпадак каранавірусу, памерлых за мінулы дзень няма

На 7 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 861 выпадак каранавірусу, новых сьмерцяў за мінулы дзень не зафіксавалі, паведаміла БелТА сьвежую статыстыку захворваньняў COVID-19 ад Мінздароўя Беларусі.

На 7 красавіка агулам па Беларусі:

  • 794 чалавекі шпіталізаваныя,
  • 54 пацыенты паправіліся і выпісаныя,
  • 13 чалавек памерлі.

За мінулыя суткі загістравалі 160 новых выпадкаў заражэньня, аднаго чалавека выпісалі, новых сьмерцяў няма. Усяго ад пачатку эпідэміі ў Беларусі пацьверджаны 861 выпадак каранавірусу.

Статыстыка па абласьцях на 7 красавіка выглядае наступным чынам:

  • Менск — 497 чалавек шпіталізаваныя, 25 выпісаныя, 5 памерлі.
  • Менская вобласьць — 91 шпіталізаваны, 1 выпісаны, 3 памерлі.
  • Віцебская вобласьць — 143 шпіталізаваныя, 27 выпісаныя, 5 памерлі.
  • Берасьцейская вобласьць — 3 шпіталізаваныя, выпісаных і памерлых няма.
  • Гомельская вобласьць — 32 шпіталізаваныя, 1 выпісаны, 0 памерлых.
  • Горадзенская вобласьць — 10 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
  • Магілёўская вобласьць — 18 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
17:07 7.4.2020

У Чэхіі здымаюць камэдыйны сэрыял пра пандэмію каранавірусу

Грамадзкае тэлебачаньне Чэхіі пачне здымкі 14 красавіка. Аўтары хочуць унесьці свой уклад у пераадоленьне сытуацыі вакол пандэміі каранавірусу, якую ўсім цяпер даводзіцца перажываць. Новы сэрыял пад назвай «Каханьне падчас кароны» раскажа пра жыцьцё ў Празе ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

15:35 7.4.2020

«Няма перад ім такога страху, як раней» — пасьля сьмерці маці з каранавірусам беларус патрабуе прыцягнуць Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці

8-гадовая жыхарка Полацку Лідзія Мацьвеева памерла 2 красавіка ў Віцебскім абласным клінічным шпіталі. Пасьля сьмерці сям’я даведалася, што ў яе быў каранавірус. Сын упэўнены, што заразілася яна ў шпіталі:

«Мая мама памерла, а яе не ўключылі ў афіцыйную статыстыку, — кажа сын Людмілы. — Уявіце, яна ляжала ў шпіталі, дзе аніхто аніякіх захадаў засьцярогі не рабіў. Мой сын да яе езьдзіў, наведваў, іншыя бабулі езьдзілі да яе, наведвалі. Гэта катастрафічна!»

Аляксандар пазваніў у дзяжурную службу Полацкага РУУС і падаў заяву, у якой папрасіў «прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча, які, знаходзячыся на пасадзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, не зрабіў неабходных захадаў па абароне насельніцтва ад асабліва небясьпечнага каранавірусу». Гісторыя цалкам тут >>

15:35 7.4.2020

САЗ заклікае не паслабляць захадаў супраць каранавірусу заўчасна

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) ня мае агульных рэкамэндацый для краінаў і рэгіёнаў адносна зьмякчэньня захадаў супраць распаўсюду пандэміі каранавірусу, але заклікала не адмяняць іх занадта рана.

«Адна з самых важных рэчаў — не паслабляць захадаў занадта рана, каб [пандэмія] не вярнулася», — заявіў прэс-сакратар САЗ Крыстыян Ліндмаер 7 красавіка на онлайн-брыфінгу.

«Гэта падобна да таго, калі вы захварэеце і ўстанеце з ложка занадта рана — тады вы рызыкуеце, што хвароба вернецца з ускладненьнямі», — дадаў ён.

15:31 7.4.2020

На беларуска-ўкраінскай мяжы цяпер толькі 5 пунктаў пропуску. Але і там пускаюць ня ўсіх

Ад 7 красавіка ў Ровенскай і Кіеўскай абласьцях цалкам закрылі мяжу зь Беларусьсю. У іншых рэгіёнах колькасьць пунктаў пропуску істотна скарацілі. Ад сёньня для аўтамабільнага руху між Беларусьсю і Ўкраінай працуюць толькі 5 пунктаў пропуску, якія маюць статус міжнародных. Астатнія 22 — мясцовыя, чыгуначныя, аўтамабільныя, рачныя і часовыя — на час карантыну спынілі сваю працу. Цалкам чытайце тут >>

14:04 7.4.2020

Яшчэ больш футболу. У дадатак да найвышэйшай лігі ў Беларусі стартуюць першынствы ў першым і другім дывізыёнах

  • 17 і 18 красавіка — стартуе першы тур чэмпіянату Беларусі ў першай лізе (расклад тут). Згодна з рэглямэнтам, двухкругавы турнір завершыцца 14 лістапада.
  • 18 красавіка на старт выйдуць 22 каманды другой лігі.
  • 16 красавіка стартуе чэмпіянат краіны сярод жаночых камандаў.

Беларусь — адзіная эўрапейская дзяржава, дзе ня спыненыя футбольнае, хакейнае, гандбольнае першынствы. Заўзятары шэрагу клюбаў ужо заявілі пра байкот матчаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

14:01 7.4.2020

«Менш за паўсотні апаратаў на 200 тысяч насельніцтва». Нэўроляг адкрыта гаворыць аб праблемах і посьпехах беларускай мэдыцыны

Берасьцейшчына пакуль застаецца адным з найбольш бясьпечных рэгіёнаў краіны паводле колькасьці інфікаваных каранавірусам: тры станоўчыя тэсты пацьверджаныя ў Берасьці, Століне і Лунінцы. А ці гатовая вобласьць да сур’ёзных выклікаў?

Як зьберагчы здароўе ня толькі ва ўмовах распаўсюду пандэміі каранавірусу, а і на фоне пастаяннай інфармацыйнай атакі? Сваімі думкамі са Свабодай падзяліўся нэўроляг, лекар першай катэгорыі Аляксандар Лазарчык. Чытайце па спасылцы >>

13:59 7.4.2020

Дзе ў сьвеце карантын умацоўвае сям’ю? А дзе наадварот? Адной карцінкай

У Індыі і Віетнаме людзі найбольш схільныя лічыць, што пандэмія ўмацуе іх сямейныя і сяброўскія сувязі. А вось у Японіі і Паўднёвай Карэі ўсё зусім наадварот.

Апытаньне праводзіла міжнародная кампанія маркетынгавых дасьледаваньняў Ipsos.

13:58 7.4.2020

Кандуктарка ў Стоўпцах захварэла на каранавірус

У кандуктаркі аўтапарку № 17 у Стоўпцах знайшлі каранавірус, яна цяпер знаходзіцца ў лякарні ў Валожыне. Спачатку яна трапіла ў рэанімацыю, цяпер сябе адчувае лепш.

Паводле інфармацыі ад мясцовых жыхароў, жанчына працавала кандуктарам на трох маршрутах грамадзкага транспарту. Цяпер вызначаюцца кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў Цалкам чытайце тут>>

13:55 7.4.2020

Плюс 160 інфікаваных каранавірусам за дзень. Лукашэнка: «Катастрофы няма»

Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка на нарадзе па сытуацыі з каранавіруснай інфэкцыяй у Беларусі назваў колькасьць хворых, але не згадаў колькасьць выпісаных і памерлых:

«У нас сёньня 794 чалавекі шпіталізаваныя, 31 на ШВЛ [апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх]. Катастрофы абсалютна няма, — казаў Лукашэнка. — Так, прырост у нас назіраецца. Дзякуй богу, што не лавінападобны. І гэта трэба ўтрымаць».

Мінздароўя Беларусі пакуль не публікавала статыстыку на 7 красавіка. На раніцу 6 красавіка было афіцыйна зафіксавана 700 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, шпіталізаваныя былі 634 пацыенты. Калі Лукашэнка не памыліўся ў лічбах і не пацьвердзілі новых сьмерцяў, за дзень былі шпіталізаваныя яшчэ мінімум 160 пацыентаў, а агульная колькасьць выпадкаў ня меншая за 860.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG