Як беларусы дапамагаюць мэдыкам і адзін аднаму падчас каранавірусу. Дадаліся новыя магчымасьці
Кватэры і бясплатная ежа для дактароў, пашыў мэдыцынскіх масак, дапамога старым і інфармацыйныя кампаніі — Свабода працягвае зьбіраць добрыя ініцыятывы, якія зьявіліся праз каранавірусны крызіс. Поўны сьпіс тут>>
Краіна на карантыне без карантыну. Чыноўнікі вядуць прыёмы дыстанцыйна, але настаўнікі ходзяць на працу
У Беларусі карантын афіцыйна не абвешчаны. Але асабістыя прыёмы высокімі чыноўнікамі адмененыя. Выклікаць сантэхніка ці электрыка з ЖЭС немагчыма, служба 115.bel не працуе. Шмат якія жыцьцёва важныя мэдычныя паслугі не аказваюцца. Школьныя вакацыі працягнулі на тыдзень, але настаўнікі ходзяць на працу. У той жа час у сталіцы па-ранейшаму рыхтуюцца да параду.
Сабралі прыклады, для каго нефармальны карантын уведзены, а для каго не. Чытайце па спасылцы >>
У МУС расказалі, як сытуацыяй з каранавірусам карыстаюцца махляры
У Беларусі пачынаюць актывізавацца афэрысты, якія выкарыстоўваюць у сваіх схемах інфармацыю пра каранавірус, паведаміла МУС Беларусі. Ведамства апісала некалькі тыповых схемаў, якімі нярэдка карыстаюцца махляры, і параіла, як засьцерагчыся. Чытайце тут >>
Яшчэ два кінатэатры закрыліся праз каранавірус. З 6 красавіка «ў сувязі зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй» часова закрыліся яшчэ два кінатэатры ў Менску: «Арткінатэатры» на Сурганава, 67Б і Дзяржынскага, 104.
З 2 красавіка закрыліся менскія адназальныя кінатэатры «Кастрычнік», «Масква» і «Дом кіно».
«Трэба пераходзіць на дыстанцыйнае навучаньне» — што кажуць настаўнікі, якія працягваюць хадзіць на працу
Як мінімум у дзьвюх школах у Менску і ў адной вёсцы ў Менскай вобласьці ў школах выявілі каранавірус. Дзецям на тыдзень працягнулі вакацыі, але настаўнікі працягваюць хадзіць у школу, а дзеці — у школьныя летнікі ды гурткі. Разьбіраемся разам з настаўнікамі, што рабіць з навучаньнем падчас пандэміі >>
Мінінфармацыі папярэдзіла СМІ за фэйк пра сьмерць ад каранавірусу
Онлайн-выданне Media-Polesye.by 6 красавіка атрымала папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі за навіну пра сьмерць ад каранавірусу ў Лунінцы.
Міністэрства інфармацыі тлумачыць, што 4 красавіка на сайце апублікавалі навіну «Пацьвердзіўся тэст на каранавірус у жыхаркі Лунінецкага раёна. Пакуль яна ў Мінску, у мясцовай бальніцы памёр яе муж».
Аднак аказалася, што муж жывы. На сайце выданьня загаловак цяпер удакладнілі: «у мясцовую бальніцу патрапіў яе муж»
«Гэта не карантын». Мэдцэнтар у Аксакаўшчыне перастаў прымаць людзей на рэабілітацыю
З 1 красавіка Рэспубліканскі клінічны шпіталь мэдычнай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне пад Менскам перастаў прымаць пацыентаў. Прычынай стаў каранавірус у аднаго з хворых. У шпіталі кажуць, што гэта не карантын, магчымыя выпадкі заражэньня сваіх супрацоўнікаў не камэнтуюць.
«Карантын прадугледжвае выстаўленьне пастоў міліцыі на ўваход і на выхад, — сказалі Свабодзе ў прыёмным аддзяленьні. — У нас частка супрацоўнікаў езьдзіць дадому. Так што гэта не карантын. Мы проста не прымаем людзей, закрытыя для шпіталізацыі».
«Я адразу зразумела, што гэта каранавірус». Дырэктарка лунінецкага «Эўраопта» не змагла трапіць у шпіталь у сваім горадзе
28 супрацоўнікаў «Эўраопта» ў Лунінцы, у дырэктаркі якога знайшлі каранавірус, шпіталізавалі на карантын 4 красавіка. Чакаецца, што краму адчыняць сёньня пасьля дэзынфэкцыі. У ёй будзе працаваць мабільная група зь Пінску. Дырэктарка крамы Натальля цяпер у менскай 6-й бальніцы.
«Нас усіх ізалявалі, ва ўсіх узялі тэсты. У каго былі такія сымптомы, як кашаль ці пяршэньне ў горле, зьмясьцілі ў бальніцу ў Малоткавічы ў Пінскім раёне. А нас, 20 чалавек, завезьлі ў Пінск у скурвэндыспансэр. У нас узялі аналізы на каранавірус, чакаем вынікаў», — распавяла Свабодзе намесьніца дырэктаркі крамы Алена. Гісторыю цалкам чытайце тут >>
Мінздароўя сэртыфікавала беларускія экспрэс-тэсты для дыягностыкі каранавірусу
«Дыягностыка надзвычай важная сёньня, таму міністэрства прыняло рашэньне аб паскоранай сэртыфікацыі і выдачы дазволу», — пацьвердзіў Сяргей Іваноў, уласьнік віцебскай кампаніі «Сівітал», якая распрацавала тэсты.
Тэст-сыстэму для выяўленьня РНК каранавірусу на аснове ПЦР-дасьледаваньня распрацавала група навуковых супрацоўнікаў кампаніі «Сівітал» на чале з доктарам мэдычных навук, прафэсарам Валерыем Сямёнавым. Новая тэст-сыстэма дазваляе атрымаць вынік ня больш як за паўтары гадзіны. Падрабязнасьці тут>>
«Белтэлекам» кажа пра 10%-е павелічэньне нагрузкі на сетку ў Менску
Апошнія тыдні кампанія «Белтэлекам» адзначае павышаны попыт на паслугі доступу да інтэрнэту, тэлебачаньня і іншых сэрвісаў. Тэхнічныя спэцыялісты фіксуюць рост нагрузкі на зьнешні шлюз у межах 10% ад штодзённай і канстатуюць, што гадзіны найбольшай нагрузкі, якія раней, як правіла, прыпадалі на вечаровы час, цяпер трохі зрушыліся на дзённы, паведаміў правайдэр агенцтву «Минск-Новости».
Японія на месяц увядзе надзвычайнае становішча
Японія абвесьціць надзвычайнае становішча ў Токіё і яшчэ шасьці прэфэктурах ужо ў аўторак у сувязі з каранавірусам. Пра гэта паведаміў прэмʼер-міністар краіны Сіндза Абэ.
Тым часам урад рыхтуе пакет стымулюючых мер, каб зьмякчыць удар па эканоміцы. Чакаецца, што яго прадставяць на гэтым тыдні. Пакет ацэньваецца ў сотні мільярдаў даляраў.
У Японіі зарэгістравана больш за 3500 інфікаваных каранавірусам, зь якіх 85 памерлі. Асаблівую трывогу выклікае сытуацыя ў Токіё, дзе зарэгістравана больш за тысячу выпадкаў інфікаваньня, у тым ліку 83 новыя выпадкі ў панядзелак.
Як у Горадні апрацоўваюць антысэптыкам аўтобусы і тралейбусы. ФАТАФАКТ
У Горадні з пачатку красавіка ўзмоцнена дэзынфікуюць грамадзкі транспарт. На канцавых прыпынках пасьля кожнага рэйсу кіроўца або іншы супрацоўнік апырсквае антысэптыкам салён, парэнчы, кампостэры.
Урад Беларусі дазволіў выпускаць у 11 разоў больш антысэптыку
Савет міністраў Беларусі павялічыў квоты на выпуск дэзынфэкцыйнай антысэптычнай прадукцыі ў 11 разоў — з 30 тысячаў дэкалітраў да 330 тысячаў. З гэтага аб'ёму 150 тысячаў дэкалітраў мае вырабляць «Белдзяржхарчпрам» (раней выпускаў 10 тысячаў), 180 тысячаў — прадпрыемствы Менскай вобласьці (раней — 20 тысячаў). Таксама са 122 да 192 тысячаў дэкалітраў павялічаныя квоты на вытворчасьць сьпіртаўтрымальных лекавых антысэптычных сродкаў.
Антысэптыкі варта выкарыстоўваць тады, калі няма магчымасьці памыць рукі з мылам. Самае звычайнае мыла, калі ім правільна карыстацца, працуе лепей за любыя антысэптыкі.
А «прачышчаць арганізм», выпіўшы антысэптык, небясьпечна. 4 красавіка двое мужчын у Чашніцкім раёне спрабавалі так зрабіць, адзін памёр, адзін трапіў у лякарню.
У Казахстане кожны пяты заражаны COVID-19 — мэдык. За заражэньне ці сьмерць выплацяць кампэнсацыі
У Казахстане 120 мэдыкаў заразіліся каранавірусам. Усяго ў краіне больш за 600 захварэлых.
Галоўны санітарны лекар Казахстану Айжан Есмагамбетава распавяла, што 120 мэдыцынскіх работнікаў заразіліся COVID-19 пры лячэньні і кантакце з хворымі на каранавірус, — паведамленьне казаскага парталу Tengrinews цытуе «Настоящее время».
Есмагамбетава сказала, што адзін мэдработнік у цяжкім стане, у дзевяці стан сярэдняй ступені цяжкасьці, у астатніх 57 — лёгкая форма захворваньня.
Раней урад Казахстану зацьвердзіў надбаўкі да заработнай платы мэдычных работнікаў, якія задзейнічаныя ў эпідэміялягічнай працы. У тым выпадку, калі мэдработнік захварэе на каранавірусную інфэкцыю, зь Дзяржфонду сацыяльнага страхаваньня яму заплацяць два мільёны тэнге (4500 даляраў), у выпадку сьмерці — 10 мільёнаў тэнге (22 500 даляраў).
Галоўная лекарка Шатляндыі падала ў адстаўку, бо парушыла ўласны заклік
СМІ злавілі галоўную лекарку Шатляндыі на парушэньні ўласных заклікаў застацца дома. Яна адправілася ў свой другі дом у вёсцы.
Газэта «The Scottish Sun» апублікавала фатаграфіі Кэтрын Колдэрвуд з мужам і дзецьмі на шпацыры каля іх загараднага дома, прыкладна за 65 км ад іх галоўнай
рэзыдэнцыі. Пазьней Колдэрвуд прызналася, што была там і ў мінулыя выходныя.
Гэта відавочнае парушэньне забаронаў, уведзеных як брытанскім, так і шатляндзкім урадамі, якія дазваляюць выходзіць з дому толькі для неабходных пакупак, да лекара, на працу, калі гэта ня можа быць выканана дыстанцыйна, і для заняткаў спортам — але толькі аднаму або з чалавекам, зь якім жывеш.
Першапачаткова Колдэрвуд папрасіла прабачэньня, але абвясьціла, што застанецца на сваёй пасадзе. Пасьля заяваў апазыцыі, што гэтага недастаткова, яна абвясьціла пра сваю адстаўку.
У Беларусі ладзяць электронныя «кірмашы вакансіяў»
Яшчэ да пандэміі каранавірусу, прынамсі год таму ў Беларусі пачалі ладзіць рэгулярныя электронныя кірмашы вакансіяў на сайце E-vacancy.by. Яны працягваюцца і цяпер.
Так, бліжэйшыя будуць 9 красавіка ад 10 да 12 гадзінаў па Менску і па Шклоўскім раёне. Падчас іх можна будзе пабачыць ня толькі ўласна вакансіі, але і спытаць наймальнікаў пра рэжым і ўмовы працы, адразу выслаць рэзюмэ і атрымаць кансультацыю. Пакуль плянуецца, што свае вакансіі ў Менску выставяць «Белсаюздрук», «Інтэграл», «Керамін», «Крыніца», Менскі мясакамбінат, «Менсктранс», «Менсквадаканал» — агулам звыш 400 вакансіяў. Таксама будзе прынамсі 34 вакансіі ад 4 арганізацыяў Шклоўскага раёну.
На 16 красавіка заплянаваны «кірмаш» па Баранавіцкім раёне, на 20-га — па Дрыбінскім, Клічаўскім і Слаўгарадзкім.
Шэраг вакансіяў дзяржаўных прадпрыемстваў публікуецца на пастаяннай аснове на сайце Дзяржаўнай службы занятасьці. Самыя высокія заробкі, якія там прапануюць на момант публікацыі — ад 900 рублёў на месяц (напрыклад, на такі заробак запрашаюць лясьнічага ў Лоеўскі лясгас, начальніка аддзелу маркетынгу ў агракамбінат «Скідзельскі», юрысконсульта ў віцебскую «Весту», кацельшчыка ў гомельскі «Рамонтхіммантаж» і гэтак далей).
Беларуская антыядзерная кампанія заклікала адмяніць пуск БелАЭС у сувязі з каранавірусам
БАЯК заклікала ўлады Беларусі «цьвяроза ацаніць сытуацыю і адкласьці пуск БелАЭС» і заявіла пра намер «зьвярнуцца ў міжнародныя арганізацыі, у прыватнасьці ў МАГАТЭ, з просьбай паспрыяць у гэтым пытаньні».
Адзначылі сярод іншага, што ва ўмовах пандэміі становіцца «немагчымым прыняцьце адэкватных мераў надзвычайнага рэагаваньня па абароне насельніцтва (такіх як эвакуацыя) у выпадку радыяцыйнай аварыі, уключаючы трансьмежную», а «ў пэрыяд пуску АЭС рызыка радыяцыйнай аварыі павышаная».
Таксама ў БАЯК нагадалі, што «праект БелАЭС рэалізуецца з шэрагам праблем: гэта парушэньні заканадаўства, уключаючы міжнароднае; фактычны пачатак будаўніцтва рэактарнага будынка першага энергаблёку пры адсутнасьці зацьверджанай праектнай дакумэнтацыі; шэраг здарэньняў, уключаючы падзеньне з вышыні і ўдар аб чыгуначны слуп карпусоў рэактара, і інш».
У Міністэрстве энэргетыкі адказалі, што карэктаваць ход будаваньня Беларускай АЭС у сувязі з эпідэміяй каранавірусу не плянуюць. У адміністрацыі БелАЭС пацьвердзілі, што эпідэмія каранавірусу не паўплывала на ход будаўніцтва АЭС, усе будаўнічыя работы вядуцца паводле графіку.
Чэмпіянат Беларусі ў міні-футболе прыпынілі да 25 красавіка. Вялікі футбол працягваецца
Выканкам Беларускай асацыяцыя міні-футболу (БАМФ) прыняў рашэньне перанесьці пачатак фінальнай стадыі чэмпіянату краіны на два тыдні — з 11 на 25 красавіка.
Як паведамляецца на сайце асацыяцыі, тры заключныя туры вырашана гуляць без гледачоў, што знайшло разуменьне ва ўсіх удзельнікаў першынства.
Двухкругавы турнір практычна завершаны. Два матчы — у Шчучыне і Сьветлагорску — перанесьлі і правядуць да пачатку плэй-оф.
Беларуская антыядзерная кампанія заклікала адмяніць пуск БелАЭС у сувязі з каранавірусам
Беларуская антыядзерная кампанія (БАЯК) 6 красавіка выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады адмяніць заплянаваны на 2020 год пуск БелАЭС у сувязі з пандэміяй COVID-19 і пералічыла шэраг падстаў для гэтага.
У Мінэнэрга адказалі, што карэктаваць ход будаваньня Беларускай АЭС у сувязі з эпідэміяй каранавірусу не плянуюць.
Ва Ўкраіне за тыдзень стварылі онлайн-школу для вучняў на карантыне
Ва Ўкраіне ад 6 красавіка стартавала дыстанцыйная школа для вучняў 5-11 клясаў, арганізаваная супольнымі намаганьнямі грамадзкага сэктару і розных галін улады — Офісу прэзыдэнта, Міністэрства адукацыі, парлямэнту. Як працуе ўкраінская онлайн-школа, чытайце і глядзіце тут >>