Галоўныя навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 2 красавіка
- Колькасьць тых, хто заразіўся COVID-19, перавысіла ў сьвеце 1 мільён чалавек
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўпершыню з 30 сакавіка апублікавала поўную статыстыку аб распаўсюдзе каранавірусу ў Беларусі: 254 хворых на COVID-19, выпісалі 46, памерлі 4.
- Аляксандар Лукашэнка даў чарговую параду супраць каранавірусу: «Аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца зь вірусамі».
- У Беларусі адмянілі адкрыцьцё мотасэзону, якое звычайна наведваў Віктар Лукашэнка
- У Менску пачалася сэсія Палаты прадстаўнікоў. Сярод іншага, дэпутаты разгледзяць адміністрацыйную адказнасьць за ўтойваньне інфармацыі пра стан свайго здароўя.
- Урад Беларусі заплянаваў падтрымку эканомікі ва ўмовах пандэміі на 110 млн рублёў.
- Праваслаўны мітрапаліт Павел абляцеў межы Беларусі з малітвамі аб спыненьні пандэміі.
- На сайце Avaaz.org зьявілася пэтыцыя «Памажыце Беларусі перажыць COVID-19», адрасаваная генэральнаму дырэктару Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Тэдрасу Аданому Гебрэесусу.
- Малодшых школьнікаў зь вёскі ў Буда-Кашалёўскім раёне ізалявалі ў шпіталі для абсьледаваньня на каранавірус: трэнэр аднаклясьніка выявіўся інфікаваным COVID-19.
- На магілёўскім мясакамбінаце на паўгадзіны скарацілі працоўны дзень — каб працаўнікі ня езьдзілі ў гадзіну пік.
- Віцебскі тэатар, дзе памёр актор з каранавірусам, распусьцілі да 26 красавіка.
- Першы выпадак каранавірусу выяўлены ў Столінскім раёне. Інфікаваны адмаўляўся здаць аналіз добраахвотна.
- Прэзыдэнт Філіпінаў загадаў «страляць насьмерць» у носьбітаў каранавірусу, калі яны будуць супраціўляцца. Прэс-служба прэзыдэнта кажа пра «гіпэрбалы».
- У Расеі праз каранавірус абвешчаны непрацоўным цэлы красавік.
- У Італіі ўжо больш за дзесяць тысяч мэдыкаў заразіліся каранавірусам. Прафсаюз дактароў гаворыць пра недастаткова дбайнае стаўленьне да лекараў, адсутнасьць сродкаў аховы, нерэгулярныя аналізы.
- Грэцкая праваслаўная царква ў сувязі з кандэміяй перанесла сьвяткаваньне Вялікадня на канец траўня.
- Колькасьць памерлых ад каранавірусу ў ЗША перавысіла 1000 за дзень.
5 рэчаў, якія трэба ведаць пра тэсты на каранавірус
Колькасьць тых, хто заразіўся COVID-19, перавысіла 1 мільён чалавек
На вечар 2 красавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 1 мільён выпадкаў COVID-19: звыш 235 тысяч у ЗША, звыш 115 тысяч у Італіі, больш як 110 тысяч у Гішпаніі, амаль 82 тысячы ў Кітаі, звыш 84 тысяч у Нямеччыне, 57 тысяч у Францыі, 59 тысяч у Іране, за 33 тысячы ў Вялікай Брытаніі, за 18 тысяч у Швайцарыі.
Усяго ад новага каранавірусу за час пандэміі памерлі 51 356 чалавек, выздаравелі 210 199.
Гарбачоў: выдаткоўваць грошы трэба не на ўзбраеньне, а на мэдыцыну
Першы і адзіны прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў падтрымаў ідэю найжорсткага карантыну на час пандэміі каранавірусу, адзначыўшы пры гэтым, што пасьля яе заканчэньня патрабуецца «карэнным чынам перагледзець асновы сусьветнай палітыкі». «Разам з паплечнікамі па Форуму ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру мы даўно ўжо да гэтага заклікаем», — сказаў Гарбачоў, падкрэсьліўшы, што замест непамерных ваенных выдаткаў, якія толькі падрываюць бясьпеку, неабходна накіроўваць сродкі на навуку, адукацыю і ахову здароўя.
Грошы, аплікацыі, гарачыя лініі. Як ўрады ў Эўропе дбаюць пра грамадзян падчас пандэміі
На прыкладах Эстоніі, Ісьляндыі, Вялікай Брытаніі і Польшчы Свабода тлумачыць, як эўрапейскія ўрады рэагуюць на пандэмію і даюць сваім грамадзянам усю неабходную інфармацыю.
Незалежна ад эканамічнай сытуацыі, усе названыя дзяржавы штодня інфармуюць грамадзянам пра сытуацыю, зьвязаную з пандэміяй каранавірусу.
Тлумачым чаму сьмяротнасьць праз COVID-19 у Нямеччыне застаецца адносна нізкай
Нямеччына — пятая па ліку краіна сьвету паводле колькасьці заражаных каранавірусам людзей. Назіральнікі кажуць, што адносна нізкі ўзровень сьмяротнасьці ў Нямеччыне тлумачыцца не адной, а некалькімі магчымымі прычынамі і нават узаемасувязьзю розных фактараў. Сюды ўваходзяць: адносна малады ўзрост большасьці інфікаваных, якасьць сыстэмы аховы здароўя, вялікая колькасьць тэстаў на інфэкцыю. Ёсьць таксама некаторыя дадатковыя нюансы.
У Гомельскай вобласьці 5 пацьверджаных і 6 верагодных выпадкаў COVID-19
На 2 красавіка ў Гомельскай вобласьці зарэгістравалі 5 пацьверджаных і 6 верагодных выпадкаў COVID-19, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Гомельскага аблвыканкаму. Па ўсіх выпадках вызначылі кантактных асобаў: першага ўзроўню – шпіталізавалі і абсьледуюць, другога – пакуль назіраюць.
Беларуская фэдэрацыя футбола прыпыніла юніёрскае і юнацкае першынствы
Асацыяцыя «Беларуская фэдэрацыя футбола» па рэкамэндацыі Мінспорту вырашыла прыпыніць з 2 красавіка правядзеньне матчаў юніёрскага і юнацкага першынстваў краіны па футболе, гаворыцца на сайце асацыяцыі. Таксама АБФФ перанесла пачатак моладзевага першынства Беларусі ў футболе сярод дзяўчат. Пра яго старт паведамяць дадаткова.
Беларусь пакуль застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе працягваецца рэгулярны дарослы чэмпіянат па футболе.
Як беларусы дапамагаюць мэдыкам і адзін аднаму падчас каранавірусу
Кватэры і бясплатная ежа для дактароў, дапамога старым і інфармацыйныя кампаніі, вытворчасьць мэдыцынскіх масак — Свабода сабрала добрыя ініцыятывы, якія зьявіліся праз каранавірусны крызіс. Чытайце тут>>
Першага пацыента з каранавірусам у Столінскім раёне змаглі шпіталізаваць толькі зь міліцыяй
31 сакавіка двух жыхароў Столінскага раёну даставілі ў інфэкцыйнае аддзяленьне Берасьцейскай абласной бальніцы, у аднаго зь іх аналіз пацьвердзіў наяўнасьць COVID-19. Яны кантактавалі з жанчынай зь іншай вобласьці, якая аказалася носьбітам каранавірусу, пішуць «Навіны Палесся».
«Пацыенты праявілі вялікую безадказнасьць (легкадумнасьць?) — наадрэз адмаўляліся ехаць у абласную бальніцу па добрай волі. Давялося паступіць у адпаведнасьці з законам — з ужываньнем пракурорскіх санкцый. Таму іх шпіталізавалі з дапамогай супрацоўнікаў міліцыі», — паведамляе падрабязнасьці выданьне.
У Італіі больш за дзесяць тысяч мэдыкаў заразіліся каранавірусам. Дактары называюць прычыны
Агульная колькасьць мэдыкаў, інфікаваных у Італіі каранавірусам COVID-19, перавысіла 10 тысяч чалавек, паведаміў у чацьвер прафсаюз мэдычных работнікаў мясцовых шпіталёў Anaao-Assomed.
«Некаторыя сядзібы пайшлі на карантын». Што адбываецца ў сфэры аграэкатурызму
Збольшага аграэкатурызм разьлічаны на беларускага спажыўца. 85% кліентаў у беларускіх сядзібах — беларусы, астатнія — жыхары Расеі і эўрапейскіх краін, але ўнутраны рынак таксама сьцішыўся, кажа старшыня праўленьня БГА „Адпачынак у вёсцы“ Валерыя Кліцунова. Паводле яе, у сядзібах, якія ўвесну працавалі зь вялікімі групамі праз турапэратараў, усе замовы зьнятыя. Першымі адмяніліся школьныя групы.
«Што становіцца запатрабаваным — гэта наняць дом. Індывідуальна, — адзначае суразмоўца. — Але гаспадары самі пачалі засьцерагацца. Некаторыя сядзібы пайшлі на карантын». Цалкам чытайце тут>>
Лукашэнка параіў есьці тлустае «супраць каранавірусу». Мэдыкі раяць адваротнае
Аляксандар Лукашэнка даў чарговую параду супраць каранавірусу, якая не супадае з рэкамэндацыямі Сусьветнай арганізацыі здароўя. Да трактароў, хакею, лазьні і гарэлкі дадалася тлустая ежа:
«Мы, маўляў, на дыеце сядзелі, а патрэбная тлустая ежа. І я таксама абмяжоўваў сябе. А сьметанкавае масла трэба зараз есьці, аказваецца, тлушч дапамагае лёгкім змагацца зь вірусамі. Калі спэцыяліст, вучоны кажа, напэўна, ня дурань. Вось я з досьведу свайго яго ў гэтым падтрымліваю».
WHO, наадварот, заклікае спажываць умераную колькасьць тлушчоў і алеяў, аддаваць перавагу ненасычаным тлушчам (рыбе, соі, аліўкавым, сланечнікавым і кукурузным алеям, а ня тлустаму мясу, маслу, сыру, какосаваму або пальмаваму алею). Зь мяса раяць аддаваць перавагу «беламу» (птушынаму), а не «чырвонаму», з малочных прадуктаў — нізкай тлушчавасьці або абястлушчаныя.
У Беларусі адмянілі адкрыцьцё мотасэзону, якое звычайна наведваў Віктар Лукашэнка
Праз распаўсюд каранавірусу адмянілі ўрачысты пачатак мотасэзону-2020. Гэтае мерапрыемства ўжо шмат гадоў адкрываў Віктар Лукашэнка. Мерапрыемства мусіла адбыцца 25-26 красавіка. Новую дату адкрыцьця мотаэзону не называюць.
У Расеі праз каранавірус абвешчаны непрацоўным цэлы красавік
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 2 красавіка зноў зьвярнуўся да расейцаў са сваёй рэзідэнцыі ў Нова-Агарове і абвясьціў аб працягу выкацыяў для расіянаў да канца красавіка — з захаваньнем заробку.
«Забралі дзяцей, бацькоў, настаўнікаў — усіх!» У вёсцы пад Гомлем у хлопчыка западозрылі каранавірус
Дзяцей, прынамсі, 4-й клясы сярэдняй школы ў вёсцы Камунар Буда-Кашалёўскага раёну на Гомельшчыне забралі ў мясцовы раённы шпіталь.
«Прыехалі па іх мэдыкі ў ахоўных гарнітурах. Сказалі — на праверку. Забралі дзяцей, бацькоў, настаўнікаў», — сказаў Свабодзе адзін зь мясцовых жыхароў. Паводле ягоных словаў, раней як «кантактная асоба» ў гомельскі шпіталь трапіў хлопчык з гэтай вёскі. Ён займаўся ў СДЮШАР-4, у трэнэра, у якога выявілі каранавірус.
«Цяпер прыехалі па ўсіх, хто кантактаваў з хлопчыкам, у якога нібыта пацьвердзіўся каранавірус. Бацькам нічога не патлумачылі, дзяцей павезьлі ў Буда-Кашалёва», — сказаў мясцовы жыхар. Цалкам чытайце тут >>
У чым краіны ЭЗ недаацанілі пагрозу эпідэміі каранавірусу
Краіны Эўрапейскага зьвязу ў пачатку лютага запэўнівалі Эўракамісію, што гатовыя сустрэць пандэмію COVID-19 у поўнай гатовасьці, хоць рэальнасьць апынулася зусім іншай. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters, якое азнаёмілася са стэнаграмамі некалькіх закрытых нарадаў аб гатовасьці да барацьбы з каранавірусом, якія прайшлі ў Брусэлі ў канцы студзеня — пачатку лютага.
Ужо 304. У Беларусі 254 хворых на COVID-19, выпісалі 46, памерлі 4
Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўпершыню з 30 сакавіка апублікавала поўную статыстыку аб распаўсюдзе каранавірусу ў Беларусі:
- 254 пацыенты на лекаваньні з каранавіруснай інфэкцыяй,
- зь іх 11 — на апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх;
- памерлі 4 пацыенты сталага веку, у якіх «шматлікія хранічныя захворваньні, паводле папярэдніх зьвестак, былі ўскладаненыя каранавіруснай інфэкцыяй»;
- выпісаныя здаровымі 46 пацыентаў;
- сумарна гэта дае 304 выпадкі COVID-19 — колькасьць выпадкаў падвоілася за тры дні.
На магілёўскім мясакамбінаце на паўгадзіны скарацілі працоўны дзень — каб працаўнікі ня езьдзілі ў гадзіну пік
Работнікам магілёўскага мясакамбінату скарацілі працоўны дзень на 30 хвілінаў, каб зьнізіць іх перасоўваньне ў гадзіну пік па горадзе, піша Mogilevnews.by, у рамках дадатковых санітарна-эпідэміялягічных мераў супраць распаўсюду каранавірусу. Таксама на прадпрыемстве зьявіліся антысэптыкі для апрацоўкі рук, дыванкі для ног, бактэрыцыдныя лямпы для абеззаражаньня паветра. На кантрольна-прапускным пункце ўсім мераюць тэмпэратуру.