Урад Беларусі заплянаваў падтрымку эканомікі ва ўмовах пандэміі на 110 млн рублёў
У Беларусі на падтрымку эканомікі з прычыны пандэміі каранавірусу плянуецца накіраваць каля 110 млн беларускіх рублёў, паведаміў 2 красавіка прэм'ер-міністар Сяргей Румас. Праект гэтай праграмы ўраду быў зацьверджаны на паседжаньні Саўміну 31 сакавіка і накіраваны на зацьвярджэньне Аляксандру Лукашэнку.
АПТЭЧКА. 22 НОВЫЯ АДКАЗЫ ПРА КАРАНАВІРУС
ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі
Пандэмія каранавірусу ахапіла ўсе кантынэнты і ўжо забрала дзясяткі тысячаў жыцьцяў. Як засьцерагчыся ад хваробы, як быць з працай, як захаваць спакой і раўнавагу. Вось адказы на многія пытаньні, што ўзьнікаюць падчас пандэміі. Гэтая інфармацыйная база будзе ўвесь час дапаўняцца. Чытайце па спасылцы >>
Праваслаўны мітрапаліт Павел абляціць межы Беларусі з малітвамі аб спыненьні пандэміі
2 красавіка з 9 да 12 гадзін адбудзецца аблёт дзяржаўных межаў Беларусі з галоўнымі сьвятынямі — шанаванымі копіямі іконы Божай Маці Жыровіцкай і Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, а таксама крыжам-машчавіком, з малітвай аб спыненьні распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі. Мітрапаліт Павел напярэдадні разаслаў ліст усім начальнікам эпархій, каб яны паведамілі сьвятарам і прыхаджанам і далучыліся да дзеі ва ўсіх храмах сваімі ўзмоцненымі малітвамі аб спыненьні сьмяротнай пошасьці.
У ЗША больш за 80% насельніцтва застаецца дома, каб спыніць распаўсюд COVID-19
З 1 красавіка чатыры штаты ЗША далучыліся да больш як 30, дзе ўлады загадалі жыхарам застацца дома, каб утаймаваць пандэмію COVID-19. Больш за 5 тысяч чалавек ужо сталі ахвярамі каранавіруснай інфэкцыі ў ЗША.
Губэрнатары Флорыды, Джорджыі, Місісіпі і Нэвады таксама патрабуюць, каб жыхары абмежавалі ўезд і выезд і пакідалі месца жыхарства толькі дзеля таго, каб купіць ежу
ці лекі. У цяперашні час гэтай палітыкай кіруюцца 39 штатаў і акруга Калюмбія, дзе пражывае больш за 80% насельніцтва ЗША.
Колькасьць памерлых ад COVID-19 у ЗША па-ранейшаму ніжэйшая, чым у Італіі, дзе ад каранавіруснай інфэкцыі загінулі 13 155 чалавек, а таксама ў Гішпаніі, дзе загінулі 9 387. Але Злучаныя Штаты на першым месцы ў колькасьці заражаных — такіх выпадкаў у краіне амаль 217 тысяч, як сьведчаць зьвесткі з Унівэрсытэту Джона Гопкінса.
Амэрыканскія мэдыцынскія экспэрты прагназуюць, што ад 100 000 да 240 000 чалавек у ЗША могуць памерці, нават калі будуць выконвацца карантынныя абмежаваньні адносна захворваньня на COVID-19, выкліканыя каранавірусам.
Ці паваліць каранавірус беларускую эканоміку? Тлумачым з экспэртам. ВІДЭА
Эканомікі краінаў цярпяць спад, прадпрыемствы закрываюцца, пра канец пандэміі каранавірусу пакуль не чуваць. Чаго чакаць беларусам у гэтай сытуацыі, Свабода тлумачыць зь фінансавым аналітыкам Вадзімам Іосубам.
Наступны тыдзень у Расеі таксама будзе непрацоўным
Наступны тыдзень — з 6 па 12 красавіка — зноў будзе аб’яўлена ў Расеі непрацоўным. Пра гэта паведаміў спэцыяльны карэспандэнт «Коммерсанта» Андрэй Калесьнікаў у рэпартажы па выніках дыстанцыйнай нарады прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна з чальцамі
ўрада.
З прапановай падоўжыць нерабочы пэрыяд у Расеі выступілі кіраўнік Расспажыўнагляду і галоўны санітарны ўрач Ганна Папова, а таксама віцэ-прэмʼер Тацьцяна Голікава.
Папова нагадала, што інкубацыйны пэрыяд каранавіруса складае 14 дзён, таму і час разрыву сувязяў, пры якіх перадаецца вірус, павінен быць роўны 14 дням. Пры гэтым, па яе словах, нават гэтых двух тыдняў недастаткова, іх «павінна было б быць больш».
Віцебскі тэатар, дзе памёр актор з каранавірусам, распусьцілі да 26 красавіка
Дырэктар віцебскага Драматычнага тэатру імя Якуба Коласа паведаміў дзяржаўнай газэце «Віцьбічы», што ўся трупа будзе выпраўленая ў «працоўны адпачынак» ад 7 па 26 красавіка. Працу працягне толькі адміністрацыя.
Раней у тэстры прыпынялі паказы спэктакляў, але тлумачылі гэта малой наведвальнасьцю, а рэпэтыцыі зьбіраліся працягваць нават пасьля сьмерці актора Віктара Дашкевіча. 31 сакавіка адзін з супрацоўнікаў тэатру, экс-дырэктар установы Рыгор Шацько расказаў Свабодзе, што ўвесь калектыў накіроўваюць у адпачынак. Цяпер гэта пацьверджана афіцыйна.
У цяперашні час на бальнічным «з розных прычынаў, у асноўным праз «вострыя рэсьпіраторныя захворваньні», знаходзяцца восем супрацоўнікаў, паведаміў дырэктар тэатру.
Квіткі на красавіцкія спэктаклі можна здаць у касах, якія цяпер працуюць з 12.30 да 17.00.
ЗША абвінавацілі Расею, Кітай і Іран у дэзынфармацыі аб каранавірусе
Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо зноў абвінаваціў Кітай, Іран і Расею ў правядзеньні «дэзынфармацыйных кампаній» у сувязі з пандэміяй каранавірусу, заявіўшы, што яны хочуць выклікаць «неразьбярыху» наконт яго паходжаньня.
Мяркуецца, што крыніцай паходжаньня віруса былі кажаны, але прапагандысты з такіх краін, як Кітай, Іран і Расея, прасоўваюць тэорыі змовы аб пандэміі. Напрыклад, сьцьвярджаецца, што COVID-19 быў створаны і распаўсюджаны па ўсім сьвеце амэрыканскімі вайскоўцамі.
«Мы бачылі, што ня толькі Іран і Расея, але і Кітай і іншыя спрабуюць прапаноўваць свае інтэрпрэтацыі», — заявіў Пампэо журналістам падчас тэлефоннага круглага стала, згодна са стэнаграмай, апублікаванай Дзярждэпартамэнтам у сераду.
«Інтэрпрэтацыі розныя, але ў кожнай зь іх ёсьць адзін і той жа кампанэнт. Ён у тым, каб паспрабаваць пазьбегнуць адказнасьці і выклікаць замяшаньне ў сьвеце — неразьбярыху наконт месца паходжаньня вірусу, блытаніну наконт таго, як розныя краіны рэагуюць на яго і якія краіны сапраўды дапамагаюць па ўсім сьвеце», — дадаў дзяржсакратар.
Жыхары кітайскага Ўханю ня вераць афіцыйным лічбам пра сьмерці ад каранавірусу: «Лік ідзе на дзясяткі тысяч»
Улады кітайскага гораду Ўханю, зь якога пачаўся распаўсюд новага каранавірусу SARS-CoV-2 і хваробы COVID-19, нядаўна заявілі аб спыненьні двухмесячнага карантыну. Але мясцовыя жыхары ўсё больш скептычна ставяцца да афіцыйнай статыстыкі, расказвае Радыё Свабодная Азія.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Кітаі ад COVID-19 памерлі 3312 чалавек — зь іх каля 2500 ва Ўхані. Агулам зафіксавалі 81,5 тысячы выпадкаў. Выпісалі здаровымі 76,2 тысячы. Хворымі лічацца 2 тысячы чалавек, і колькасьць «актыўных выпадкаў» хваробы спадае няспынна зь сярэдзіны лютага.
З пачатку гэтага тыдня сем найбуйнейшых пахавальных бюро Ўханю штодня выдаюць сем'ям нябожчыкаў у сярэднім 500 урнаў з прахам. Гэта дае падставы меркаваць, што каранавірус стаў прычынай сьмерці значна большай колькасьці людзей, чым пра гэта заяўляе афіцыйны Пэкін. Каля пахавальных бюро ўтвараюцца чэргі.
«Гэтага ня можа быць, — кажа ў інтэрвію Радыё Свабодная Азія жыхар Уханю па прозьвішчы Чжан. — Калі крэматорыі працуюць круглыя суткі, то якім чынам загінула так мала людзей?»
Лічбы на раніцу 2 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі больш за 936 тысяч выпадкаў COVID-19: звыш 215 тысяч у ЗША, звыш 110 тысяч у Італіі, 104 тысячы ў Гішпаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 78 тысяч у Нямеччыне, 57 тысяч у Францыі, 48 тысяч у Іране, 29 тысяч у Вялікай Брытаніі, амаль 18 тысяч у Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі звыш 47 тысяч чалавек. Зь іх 13 155 у Італіі, 9387 у Гішпаніі, 5110 у ЗША, 4032 у Францыі, 3316 у Кітаі, 3036 у Іране.
- Выпісалі звыш 194 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 694 тысяч, зь іх амаль 35,6 тысячы ў цяжкім стане.
- У Беларусі перасталі паведамляць дакладную агульную колькасьць выпадкаў COVID-19. Па стане на 1 красавіка Мінздароўя прызнала 2 сьмерці пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй (вядома ўжо пра трэцюю), яшчэ 157 пацыентаў «на лячэньні і пад назіраньнем мэдыкаў». Па стане на 30 красавіка яшчэ 47 былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», за два дні выпісалі пасьля гэтага 11 пацыентаў.
«Мэдсёстры баяцца там працаваць, плачуць». Расказ супрацоўніцы шпіталя, дзе ляжаў хворы з каранавірусам
Два трэнэры гомельскай СДЮШАР № 4 захварэлі на пнэўманію «з папярэднім станоўчым тэстам на каранавірус». Як стала вядома Свабодзе, адзін з трэнэраў, якому 47 гадоў, цяпер у рэанімацыі. Да таго, як выявілі каранавірус, ён праходзіў лячэньне з пнэўманіяй у гарадзкім шпіталі № 1.
Афіцыйна паведамляецца, што «праведзена шпіталізацыя кантактаў першага ўзроўню, арганізавана іх лябараторнае абсьледаваньне». За кантактамі другога ўзроўню арганізавана мэдычнае назіраньне.
Як стала вядома Свабодзе, да кантактаў першага ўзроўню аднесены 68 чалавек, другога — 84. Кантакты першага ўзроўню даставілі ў шпіталь на вуліцы Цыялкоўскага. Раней там было анкалягічнае аддзяленьне. Цяпер яго перапрафілявалі пад інфэкцыйнае.
7 пытаньняў, якія САЗ мусіць задаць беларускім уладам
Беларусь абяцае запрасіць спэцыялістаў Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ, WHO) для ацэнкі працы сыстэмы аховы здароўя ў краіне.
Як заявіла 31 сакавіка старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, гэта робіцца, каб «грамадзяне былі ўпэўненыя, што ўлада нічога ня ўтойвае і не спрабуе прыгладзіць сытуацыю»
Свабода сабрала 7 пытаньняў, якія САЗ, на думку нашых чытачоў, мусіць задаць уладам Беларусі.
Хакейны матч Лукашэнкі і чумны барак Напалеона
Ці адэкватныя рэальнасьці дзеяньні Лукашэнкі адносна пандэміі? Наколькі яны адпавядаюць настроям большасьці беларускага грамадзтва? Ці можна назваць ягоныя дзеяньні апошняга часу ланцугом суцэльных памылак, калі ён выбірае найгоршы варыянт? Ягоныя паводзіны — гэта паводзіны моцнага ці слабага лідэра?
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у «Праскім акцэнце» аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў. Вядзе перадачу Валер Карбалевіч.
Упершыню з 1945 году скасавалі тэнісны турнір ува Ўімблдане
Праз пандэмію каранавірусу ўпершыню з 1945 году адменены тэнісны турнір ва Ўімблдане. Цяпер спаборніцтвы, 134-я па ліку, маюць прайсьці з 28 чэрвеня па 11 ліпеня 2021 году.
Пуцін падпісаў закон, які дазваляе ўраду Расеі ўводзіць рэжым надзвычайнай сытуацыі
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазваляе ураду РФ уводзіць рэжым надзвычайнай сытуацыі і павышанай гатоўнасьці на ўсёй тэрыторыі краіны альбо на яе частцы, а таксама абмяжоўваць на тэрмін да 90 дзён гандаль пэўнымі мэдычнымі вырабамі, а ў выпадку надзвычайнай сытуацыі – уводзіць мараторый на справы аб банкруцтве.
Bloomberg: Выведка ЗША лічыць, што Кітай схаваў сапраўдныя лічбы COVID-19
Кітай схаваў сапраўдны ўзровень эпідэміі COVID-19, паведамляючы заніжаныя лічбы інфікаваных і памерлых ад хваробы, гаворыцца ў сакрэтнай справаздачы амэрыканскай выведкі для Белага дому, якую цытуе агенцтва Bloomberg са спасылкай на трох амэрыканскіх афіцыйных асоб. Паводле адной з крыніцаў, дакумэнт быў перададзены амэрыканскай адміністрацыі на мінулым тыдні. Далей чытайце тут >>
УЭФА абвясьціла пра перанос усіх матчаў, заплянаваных на чэрвень
У заяве Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцый гаворыцца, што яны пераносяцца на пакуль нявызначаны час. 4 чэрвеня зборная Беларусі мелася гуляць у Тбілісі са зборнай Грузіі ў паўфінале адборачнага турніру да чэмпіянату Эўропы.
Першага хворага на каранавірус выявілі на Берасьцейшчыне
У Берасьцейскай вобласьці 1 красавіка выявілі першы станоўчы тэст на COVID-19.
Пра гэта паведамляе Берасьцейскі абласны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі.
Пацыент з каранавірусам ужо быў пад назіраньнем як кантакт першага ўзроўню ў абласной бальніцы.
У Воршы — 5 пацьверджаных выпадкаў каранавірусу
У Воршы афіцыйна агучылі статыстыку аб пацьверджаных выпадках каранавірусу.
На 1 красавіка 5 пацьверджаных выпадкаў COVID-19, 98 чалавек зьяўляюцца кантактамі 1-га ўзроўню, кантактаў 2-га ўзроўню — 105 чалавек, паведаміла загадчыца аддзелу грамадзкага здароўя Аршанскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Ала Янкоўская, піша «Аршанская газета». Усіх кантактаў 1-га ўзроўню абсьледавалі на COVID-19, яны цяпер знаходзяцца пад мэдыцынскім наглядам. У Воршы агулам зрабілі больш за 200 тэстаў на COVID-19.
Людзі за суткі сабралі грошы на тры кіслародныя канцэнтратары для пацыентаў з пнэўманіяй у Віцебску
На краўдфандынгавай плятформе «Улей» увечары 31 сакавіка пачалі збор грошай на набыцьцё трох кіслародных канцэнтратараў (аналяг апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх) і сродкаў аховы для супрацоўнікаў віцебскай лякарні.
Усю неабходную суму ўжо сабралі за першыя ж суткі, але каманда прыняла рашэньне працягваць збор, каб дапамагчы яшчэ і Віцебскай чыгуначнай бальніцы, якой таксама неабходныя сродкі абароны і канцэнтратары — усе сабраныя звыш плянаваных 9400 рублёў перададуць туды. Менавіта ў Віцебскай чыгуначнай бальніцы памерлі два пацыенты ад пнэўманіі, ускладненай каранавірусам.